Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
1 (панядзелак) – Урачыстасць святой Багародзіцы Марыі
Першага студзеня ў апошні дзень актавы ўрачыстасці Божага Нараджэння Касцёл адзначае ўрачыстасць Багародзіцы Марыі. Эфескі сабор у 431 годзе абвясціў, што Дзеву Марыю можна і нават належыць называць Багародзіцай. Такая была рэакцыя Касцёла на погляды, што Хрыстус не з’яўляецца адначасова Богам і Чалавекам. У гэты дзень Касцёл заахвочвае, каб кожны з нас выкарыстаў магчымасць даверыць сябе і сваіх блізкіх апецы Маці Божай у першы дзень Новага года.
Парадак Святых Імшаў: 9.00, 10.30, 12.00 і 18.00.
Можна атрымаць поўны адпуст за прачытанне гімна Veni, Creator “Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы”.
2 (аўторак) – успамін святых Базыля і Грыгорыя Назіянскага, біскупаў і доктараў Касцёла.
Святыя Базыль (Васіль) Вялікі і Грыгорый Назіянзскі нарадзіліся каля 330 г. у Кападокіі (на тэрыторыі сучаснай Турцыі) і паходзілі з хрысціянскіх сем’яў. Бацька Грыгорыя быў біскупам Назіянзу. Базыль і Грыгорый былі вельмі адукаванымі людзьмі. Яны пазнаёміліся ў Афінах, дзе разам вучыліся. Згодна з тагачаснымі звычаямі, хрост прынялі ўжо ў сталым узросце, маючы каля 30 гадоў, пасля чаго разам адасобіліся ў пустыні. Базыль і Грыгорый некалькі гадоў вялі пустэльніцкае жыццё і прысвяцілі гэты час вывучэнню Святога Пісання і ранніх хрысціянскіх аўтараў. На падставе працаў Арыгена склалі зборнік «Філакалія» (Дабралюбства). Праз пэўны час абодва сталі святарамі, а пазней — біскупамі: Базыль — у Кесарыі Кападоцкай, а Грыгорый — у Назіянзе. Да таго ж Грыгорый, выбраны духавенствам і народам біскупам Канстанцінопаля, некалькі месяцаў займаў гэтую кафедру, але вырашыў адмовіцца ад яе і вярнуўся ў Назіянз. Базыль змагаўся з ерэтыкамі і сіманіяй сярод духавенства, спрыяў усталяванню еднасці паміж біскупамі. Яго душпастырскія заслугі цяжка нават пералічыць, таксама як і яго працы. Ён апрацаваў старажытныя літургічныя тэксты і склаў літургію (чын св. Базыля Вялікага), якая да гэтага часу служыцца ва ўсходніх Цэрквах у вызначаныя дні. Памёр ён 1 студзеня 379 г. у Кесарыі, дзе і быў пахаваны. Грыгорый Назіянзскі перажыў свайго сябра больш чым на дзесяць гадоў. Яго духоўная спадчына, якая складаецца з разнастайных пісанняў, прамоваў, вершаў, лістоў і тэстамэнтаў, мае вялікую літаратурную каштоўнасць. На Усходзе Грыгорыя называюць «Боскім», а таксама «Багасловам». Святыя Базыль Вялікі і Грыгорый Назіянзскі разам са святымі Атаназіем і Янам Залатавусным лічацца самымі вялікімі доктарамі Касцёла хрысціянскага Усходу.
6 (субота) – Урачыстасць Аб’яўлення Пана, Тры Каралі
Касцёл успамінае ў гэты дзень пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары: золата, ладан і смірну. Касцёльная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі (адсюль іншая назва свята — Тры Каралі), а іх пакланенне сімвалізуе пачатак Божага Аб’яўлення язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі.
Парадак Святых Імшаў: 8.00, 12.00, 18.00
Гэта “абавязковая” урачыстасць – вернікі маюць абавязак удзелу ў святой Імшы, а таксама ўстрымацца ад выканання неабавязковай працы.
З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння крэйды і кадзіла. Асвячонай крэйдай на дзвярах памяшканняў пішуцца літары К+М+В і актуальны год. Гэтыя літары азначаюць ініцыялы трох каралёў: Каспер, Мельхiёр i Бальтазар. У сярэднявеччы гэта разумелася па-іншаму. Надпіс «С+М+В» (імя Каспар па-лацінску пішацца праз С) выражаў благаслаўленне: «Няхай Хрыстус благаславіць памяшканне!» «Christus mansionem benedicat».
1. Сёння можна атрымаць поўны адпуст за прачытанне гімна Te Deum "Цябе Божа" як падзяка Богу за атрыманыя ласкі ў адыходзячым годзе.
2. Набажэнства на заканчэнне года адбудзецца сёння пасля вечаровай Святой Імшы, а 19.00.
3. У сераду 3 студзеня дзень нараджэння адзначае арцыбіскуп-эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Святая Імша будзе ў катэдры а 15.00.
4. На гэтым тыдні прыпадаюць:
• першы чацвер месяца. Запрашаем да малітвы ў інтэнцыях новых пакліканняў да службы Божай у святарскім і манаскім жыцці.
• першая пятніца месяца - дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12.00. Пасля вечаровай Імшы запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і святасці сем’яў.
• першая субота месяца – дзень малітваў да Беззаганнага Сэрца Марыі. Набажэнства а 17.30.
• наступная нядзеля – першая месяца – молімся за Жывы Ружанец. Інтэнцыя на студзень: Просім апекі Маці Божай на час душпастырскай візітацыі сем’яў нашай парафіі, каб калядныя адведзіны прынеслі добрыя духоўныя плёны.
5. 2 студзеня (аўторак) распачынаем Каляду – душпастырскія наведванні нашых парафіянаў. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа запісацца на адпаведны дзень і час у адмысловым сшытку на прыканцы капліцы.
6. 6 студзеня пасля Святой Імшы а 18.00 гадз. адбудзецца “парафіяльнае калядаванне”. Усе разам заспяваем калядныя песні. Запрашаем да удзелу сем’і і парафіяльныя групы.
7. У нядзелю 14 студзеня ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску адбудзецца аплаткавая сустрэча для ўдзельнікаў пешай пілігрымкі Мінск-Будслаў. 14.30 – вяночак да Божай Міласэрнасці, падрыхтоўка да Эўхарыстыі. 15.00 – святая Імша ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў пілігрымкі і ахвярадаўцаў. 16.00 – дзяленне аплаткай, супольнае калядаванне і пачастунак.
8. У нядзелю 21 студзеня ў нашай парафіі адбудзецца VІІ БАЛЬ УСІХ СВЯТЫХ.
9. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
10. У сакрыстыі можна набыць календары на новы 2024 год.
З нагоды Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа складаем ўсім сем’ям, сужонкам, дзецям і ўнукам сардэчныя пажаданні. Жадаем Вам адкрытасці на Божае благаслаўленне, апекі Святой Сям’і, сапраўднай любові, пашаны адно да аднаго, умеласці ў цярплівым дыялогу, прабачэння таго, што было злом, пачуцця, што кожны важны і патрэбны адзін аднаму, і ўдзячнасці за тых, хто з намі побач. Абяцаем малітву за ўсе нашыя сем’і, асабліва за тых, хто перажывае крызіс.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.