Шчыра дзякуем усім вам за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы, за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем каталіцкім скаўтам, усім адзінкам нашай парафіі, за служэнне ў распаўсюджванні Бэтлеемскага агоню "Святла Супакою", не толькі ў нашай парафіі, але і ў шматлікіх парафіях нашай краіны. Дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

24 снежня (нядзеля)
• 20.00 – Урачыстая Святая Імша з удзелам дзяцей - Пастэрка
• 21.30 – Урачыстая Святая Імша - Пастэрка
• 23.00 – Урачыстая Святая Імша – Пастэрка

25 снежня (панядзелак) – УРАЧЫСТАСЦЬ НАРАДЖЭННЯ ПАНА ЕЗУСА
Святыя Імшы ў гэты дзень а 9.00, 10.30, 12.00 і 18.00.

26 снежня (аўторак) – Свята св. Стэфана, першамучаніка
Святы Стэфан быў адным з сямі памочнікаў Апосталаў у Ерусалімскім Касцёле. Паводле Дзеяў Апостальскіх, “поўны ласкі і моцы Духа Святога” абвяшчаў Добрую Навіну з мудрасцю, якой ніхто не мог супрацьстаяць. Першы мучанік, сведчачы сваёй смерццю аб праўдзівасці пасланніцтва Хрыста і Яго навукі, ажыцявіў ідэал дасканалага наследвання Пана. Існуе вялікае падабенства паміж смерццю Пана Езуса і Святога Стэфана: фальшывыя сведкі, смерць за горадам, адданне Езуса і Стэфана Богу Айцу, прабачэнне пераследвальнікам. Культ гэтага святога бярэ свой пачатак з IV стагоддзя. Святая Імша а 12.00 і 19.00.


27 снежня (серада) – ПАРАФІЯЛЬНАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ СВЯТОГА ЯНА, АПОСТАЛА І ЕВАНГЕЛІСТА
Святы Ян быў любімым вучнем Пана Езуса. Быў сведкам Перамянення Пана і пакутаў у Аліўным Садзе. На Апошняй Вячэры заснуў на грудзях Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Пан Езус аддаў яму ў апеку Сваю Маці. Святы Ян напісаў Евангелле, тры апостальскія лісты і Апакаліпсіс. Згодна з прадказаннем Езуса Хрыста Святы Ян памёр натуральнай смерццю ў сталым узросце. Евангелле Святога Яна, якое дапаўняе іншыя, мае найглыбейшы выклад Божых таямніц. Ва Усходнім Касцёле Святому Яну нададзены тытул тэолага. У хрысціянскім іканапісе сімвалам Святога Яна ёсць арол.
Святая Імша а 7.00 і 19.00.

28 снежня (чацвер): Свята Святых Немаўлят, мучанікаў
З паловы VI стагоддзя Касцёл у перыядзе Божага Нараджэння адзначае ўспамін смерці бэтлеемскіх дзяцей, закатаваных па загадзе Ірада. Святыя Немаўляты з’яўляюцца першымі плёнамі збаўчай справы, распачатай прыйсцем Хрыста на зямлю. Аддаючы жыццё за Хрыста яны атрымалі хрост крывёю і заслужылі сабе ў Бога падвойны арэол дзявіцтва і мучаніцтва.
Святая Імша а 7.00 і 19.00.

31 снежня (нядзеля) – СВЯТА СВЯТОЙ СЯМ'І: ЕЗУСА, МАРЫІ І ЮЗАФА

Для сужонкаў будзе магчымасць аднавіць свае шлюбныя абяцанні і атрымаць благаслаўленне.

1. У апошні дзень каляндарнага года сардэчна запрашаем прыняць удзел у вечаровым набажэнстве падзякі. У вечары, пасля Святой Імшой а 18.00, адбудзеца набажэнства ўдзячнасці Пану Богу за мінулы год.

2. У сакрыстыі можна набыць аплаткі на вігілійны стол, каляндары на 2024 г.

3. Ад 2 студзеня распачынаем Каляду – душпастырскія наведванні парафіянаў.

4. 6 студзеня пасля Святой Імшы а 18.00 гадз. адбудзецца “парафіяльнае калядаванне”. Усе разам заспяваем калядныя песні. Запрашаем да удзелу сем’і, парафіяльныя хоры і групы.

5. У нядзелю 21 студзеня ў нашай парафіі адбудзецца VІІ БАЛЬ УСІХ СВЯТЫХ.

6. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.