Дарагія Парафіяне і Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Дзякую бацькам моладзі, якія прынялі сакрамэнт Канфірмацыі за дар алтара ў постаці прыгожай накідкі на амбону. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў Літургіі адзначаем:

7 снежня (чацвер) – успамін св. Амброзія, біскупа і доктара Касцёла
Нарадзіўся ў Трэвізіо каля 340 г. Скончыў універсітэт у Рыме і, з’яўляючыся ўпраўнікам паўночнай Італіі, каля 374 г. быў абраны арцыбіскупам Медыялана (сучасн. Мілан). 7 снежня гэтага ж года прыняў біскупскае пасвячэнне. Праявіў сябе як сапраўдны пастыр і настаўнік вернікаў, з’яўляецца аўтарам шматлікіх працаў па тэалогіі, арганізатарам літургічнага спеву і аўтарам гімна «Te Deum». Ён хрысціў св. Аўгустына. Нязломны абаронца Касцёла, сваімі творамі і дзейнасцю ён змагаўся з памылкамі арыянаў. Памёр у Вялікую суботу 4 красавіка 397 г.

8 снежня (пятніца) – урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Гэта “абавязковая” урачыстасць – вернікі маюць абавязак удзелу ў святой Імшы, а таксама ўстрымацца ад выканання неабавязковай працы. Вернікі не маюць абавязку ўстрымання ад спажявання мясных страваў. Будзе дадатковая святая Імша а 12.00.

1. Сёння мы распачалі час Адвэнту – час чакання на Прыйсце Пана, час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Памятаем, што гэта асаблівы час роздуму і выцішэння. На Адвэнт прынята рабіць пастановы, таму заахвочваем таксама і вас прыняць на сябе адвэнтовыя пастановы. Пастараймася напрацягу гэтага перыяда больш засяродзіцца над справамі нашага духоўнага жыцця. Належыць абмежаваць наш удзел у гучных забавах.
2. Для больш глыбокага перажывання Адвэнту ў нашай парафіі будзе адбывацца ранішняя Святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас запрашаем на РАРАТЫ ад панядзелку да пятніцы ў 6.45 раніцы. Пасля святой Імшы запрашаем на супольную Ютрань.
3. 15-17 снежня адбудуцца парафіяльныя адвэнтовыя рэкалекцыі. Падрабязны план будзе пададзены пазней.
4. Заахвочваем у гэтым часе паклапаціцца пра сваіх блізкіх і знаёмых хворых, хто не мае фізычнай магчымасці прыходзіць у касцёл, каб запрасіць да іх святара з сакрамэнтамі.
5. Запрашаем таксама адгукнуцца і прыняць удзел у адвэнтовай акцыі “Стань святым Мікалаем”, якую распачало ДМХ нашай парафіі. Падрабязнасці на асобнай картцы.
6. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
7. На гэтым тыдні прыпадае першы чацвер месяца. Запрашаем да малітвы ў інтэнцыях новых пакліканняў да службы Божай у святарскім і манаскім жыцці.
8. У сакрыстыі можна набыць каляндары на новы 2024 год.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.