Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
30 лістапада (чацвер) – свята Святога Андрэя, апостала
Паходзіў з Бэтсаіды (Галілея). Быў братам Сымона-Пятра. Абодва яны былі рыбакамі і жылі ў Капернауме, на беразе Генісарэцкага возера. Згодна
з Евангеллем паводле св. Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста, і таму ва ўсходняй традыцыі яго называюць «Першазваным». Паводле некаторых звестак, пасля смерці і ўваскрасення Месіі Андрэй скіраваўся на місію ў Грэцыю і Турцыю. 30 лістапада 60 г. у грэцкім горадзе Патрасе ён прыняў мучаніцкую смерць праз укрыжаванне: апостал быў прыбіты да крыжа ў форме літары «Х» — т. зв. крыжа св. Андрэя. У Сярэднявеччы яго рэліквіі трапілі ў Амальфі ў Італіі і там спачываюць у катэдры св. Андрэя да сённяшняга дня, аточаныя вялікай пашанай. Пазней галава святога была перавезена ў Рым, але ў 1964 г. Папа Павел VI вярнуў каштоўную рэліквію ў Патрас. Свята св. Андрэя з’яўляецца важнай датай у народным календары, з якой звязана шмат традыцый (напр., «андрэйкі»). Святы з’яўляецца апекуном рыбакоў, плыўцоў, добрага сужэнства
і дзяцей. Яго заступніцтва просяць ад артрыту і сутаргаў.
У гэты дзень Імяніны святкуе кс. Андрэй, запрашаем на Святую Імшу а 19.00.
1. Сёння зборы ахвяраванняў прызначаюцца на патрэбы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
2. Сёння можна атрымаць поўны адпуст за прачытанне акта прысвячэння роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
4. На гэтым тыдні прыпадаюць:
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадзіне. Таксама запрашаем на ўсяночную адарацыя ў інтэнцыі абароны жыцця і сям'і. Адарацыя пачнецца пасля святой Імшы а 19.00 і працягнецца да 8-й гадзіны раніцы.
Першая субота месяца – дзень малітваў да Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.
Першая нядзеля месяца – а 13.30 св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі. Інтэнцыя на снежань: Аб супакоі ў сем’ях і ва ўсім свеце, а тасама аб плённым часе Адвенту для нашай парафіі.
Урачыстасць Хрыста – Валадара сусвету: гэта апошняя нядзеля літургічнага года. Наступная нядзеля 3 снежня гэта першая нядзеля Адвэнту, якой распачынаем новы літургічны год і падрыхтоўку да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Сёння асабліва хочам падзякаваць Пану Богу за нашую манаскую супольнасць - хрыстусоўцаў і прасіць аб новых пакліканнях да Таварыства Хрыстусовага. Дзякуем за Вашыя шчырыя малітвы і віншаванні😊 Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.