Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

21 лістапада (аўторак) – успамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі

22 лістапада (серада) - успамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы
Народжаная на мяжы ІІ і ІІІ стст. у сям’і рымскіх арыстакратаў, Цэцылія ў вельмі маладым узросце пажадала заручыцца з Хрыстом
і склала шлюб чыстасці. Згодна з воляю бацькоў, яна была выдадзена замуж за паганіна Валяр’яна, якому ў першую шлюбную ноч прызналася, што сваю чыстасць ахвяравала Богу. Ёй удалося пераканаць Валяр’яна прыняць хрост, і яны пачалі разам клапаціцца пра пераследаваных хрысціянаў. Неўзабаве Валер’яна і яго брата Тыбурцыя арыштавалі і пасля катавання адсеклі галовы. Цэцылію таксама схапілі і на працягу многіх дзён катавалі. Ёй тройчы спрабавалі адсекчы галаву, але Цэцылія памерла толькі праз тры дні ад атрыманых ранаў. Гэта здарылася 22 лістапада 230 г. Цела святой было знойдзена нятленным у катакомбах Калікста ў ІХ ст.
і з пашанаю перанесена ў пабудаваны ў яе гонар касцёл за Тыбрам. Захавалася паданне пра тое, што Цэцылія праслаўляла Бога спевам і ігрою на музычных інструментах, а таму яна лічыцца апякункаю касцёльнай музыкі і спеваў, а таксама музыкантаў і спевакоў.

24 лістапада (пятніца) – успамін св. Андрэя Зунг Лака, прэзбітэра, і паплечнікаў, мучанікаў
Праца каталіцкіх місіянераў на тэрыторыі сённяшняга В’етнама распачалася ў XVI стагоддзі. У пазнейшыя стагоддзі шматразова арганізоўваліся жудасныя пераследы, падчас якіх прынялі смерць за веру місіянеры з Еўропы і шматлікія в’етнамцы. 19 чэрвеня 1988 года Папа Ян Павел ІІ кананізаваў 119 в’етнамскіх мучанікаў, сярод якіх было 8 біскупаў, 37 в’етнамскіх святароў і 59 свецкіх в’етнамцаў.

1. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці аб нашых продках, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды у нашай капліцы кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада, будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве.
2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку.
3. У гэтую сераду 22 лістапада не будзе катэхэзы для дарослых
4. У наступную нядзелю падчыс Святой Імшы а 13.30 моладзь нашай парафіі прыступіць да сакраманту канфірмацыі. Просім памаліцца за ўсіх кандыдытаў, а таксама запланаваць свой ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі выбіраючы іншыя гадзіны.
5. У наступную нядзелю зборы ахвяраванняў прызначаюцца на патрэбы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
6. Апостальская Пэнітэнцыярыя на моцы нададзеных ёй паўнамоцтваў Папам Францішкам з нагоды ўрачыстых святкаванняў у гонар святога Язафата, біскупа і мучаніка, якія праходзяць у Беларусі з 16 кастрычніка 2023 года па 25 лістапада 2024 года, ласкава надала поўны адпуст (індульгенцыю). Падрабязнасці можна знайсці на дошцы аб’яваў.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.