Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла і падчас малітвы за памерлых. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
9 лістапада (чацвер) – свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі
Калі ў 313 г. Канстанцін Вялікі выдаў эдыкт, якім афіцыйна дазволіў вызнаваць хрысціянскую веру, ён загадаў пабудаваць побач з латэранскім палацам велічную святыню ў гонар Хрыста Збаўцы, святога Яна Хрысціцеля і святога Яна Евангеліста. Яна стала першай рымскай катэдрай, а палац побач з ёю - рэзідэнцыяй біскупаў Рыма, Папаў. Яе пасвячэнне здзейсніў Папа святы Сільвестр І 9 лістапада 324 г.
10 лістапада (пятніца) - успамін св. Льва Вялікага, папы і доктара Касцёла
Ён быў архідыяканам Папы Цэлестына І, а 29 верасня 440 г. сам быў абраны наступнікам святога Пятра. Як кіраўнік Касцёла ён быў непахісным абаронцам праўдзівай веры ад шматлікіх ерасяў, распаўсюджаных у тыя часы, а таксама адстойваў вучэнне пра Боскую
і чалавечую натуры, з’яднаныя ў асобе Езуса Хрыста, палемізуючы ў гэтым пытанні з хрысціянскім Усходам. На славутым Халцэдонскім Саборы 451 г. Папу Льва падтрымалі ўсе прадстаўнікі Касцёла. Леў Вялікі памёр
у Рыме 10 лістапада 461 г. і першым з Папаў быў пахаваны ў базыліцы святога Пятра. Яго пантыфікат узняў аўтарытэт папства да найвышэйшай ступені. Святы Леў - адзін з нямногіх Папаў, якіх Касцёл ушанаваў эпітэтам «Вялікі».
11 лістапада (субота) – успамін св. Марціна Турскага, біскупа
Святы Марцін Турскі — адзін з найбольш шанаваных святых на Захадзе. Яго імкненне паяднаць манаскае жыццё з апостальскім служэннем стала прыкладам для ўсяго заходняга манаства. Святы Марцін з’яўляецца апекуном вайскоўцаў, краўцоў, бедных і жабракоў, а таксама хатняй жывёлы, асабліва коней і гусей. На свята ў яго гонар у многіх краінах гатуюць традыцыйнага гусака.
1. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці аб нашых продках, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды у нашай капліцы пачынаючы з 1 да 8 лістапада (актава) кожны дзень 30 хвілін перад вячэрняй Святой Імшой будзе адбывацца набажэнства за памерлых – Нешпары і будуць чытацца выпамінкі (імёны і прозвішчы памерлых, за якіх молімся). У гэтыя дні будзе ахвяраваная Святая Імша ў інтэнцыі памерлых з выпамінкаў.
2. Таксама кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада, будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве.
3. З 1 па 8 лістапада можна кожны дзень атрымліваць поўны адпуст за пабожнае наведванне могілак і малітву за памерлых, ахвяраваць адпуст можна толькі за памерлых.
Набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага адбудзецца ў аўторак 14 лістапада – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

