Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і патрэбнымі ласкамі напаўняе вашыя сэрцы.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
1 лістапада (серада) - УРАЧЫСТАСЦЬ УСІХ СВЯТЫХ
Гэта свята ўсяго трыумфуючага, пераможнага, праслаўленага Касцёла ў нябёсах, далучыцца да якога мы імкнемся і які ўшаноўваем на зямлі.
Парадак набажэнстваў:
07.00 – Святая Імша
12.00 – Святая Імша
18.30 – Выпамінкі і Нешпары за памерлых
19.00 – Святая Імша.
2 лістапада (чацвер) - УСПАМІН УСІХ ПАМЕРЛЫХ ВЕРНІКАЎ
Ушанаваўшы трыумф тых верных, якія ўжо ўвайшлі на неба, Касцёл успамінае ўсіх, хто ў чыстцы каецца за свае грахі. Каб ім дапамагчы, Касцёл прадстаўляе Пану Богу малітвы і дараванне грахоў, атрыманае праз жывых, перш за ўсё праз Ахвяру Хрыста, якая прысутнічае ў Святой Імшы. Успамін усіх памерлых вернікаў увёў абат бэнэдыктынаў у Клюні святы Адылон у 998 годзе. Вельмі хутка гэты звычай быў прыняты ва ўсім Касцёле.
Парадак набажэнстваў:
07.00 – Святая Імша;
12.00 – Святая Імша;
18.30 – Выпамінкі і Нешпары за памерлых
19.00 – Святая Імша.
4 лістапада (субота) – успамін св. Караля Барамея, біскупа
Святы з’яўляецца апекуном душпастыраў і семінарыстаў, у яго просяць паратунку ад заразы. Таварыства імя св. Караля Барамэя займаецца распаўсюджваннем рэлігійнай літаратуры.
1. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці аб нашых продках, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды у нашай капліцы пачынаючы з 1 да 8 лістапада (актава) кожны дзень 30 хвілін перад вячэрняй Святой Імшой будзе адбывацца набажэнства за памерлых – Нешпары і будуць чытацца выпамінкі (імёны і прозвішчы памерлых, за якіх молімся). У гэтыя дні будзе ахвяраваная Святая Імша ў інтэнцыі памерлых з выпамінкаў.
З 1 па 8 лістапада можна кожны дзень атрымліваць поўны адпуст за пабожнае наведванне могілак і малітву за памерлых, ахвяраваць адпуст можна толькі за памерлых.
Таксама кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада, будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве.
Сёння на могілках “Масюкоўшчына” а 15.00 адбудзецца набажэнства за памерлых. Расклад малітваў за памерлых на іншых могілках Мінска можна знайсці на плакаце на дошцы аб’яваў.
2. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадзіне. Таксама запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і сям'і. Адарацыя пачнецца пасля святой Імшы а 19.00 і працягнецца да 8-й гадзіны раніцы.
Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі.
Першая нядзеля месяца – а 13.30 св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.
Інтэнцыя жывога ружанца на лістапад: За памерлых пакутуючых у чысцы, каб як мага хутчэй атрымалі магчымасць сузірання Божага аблічча ў небе.
3. Па просьбе парафіянаў прапануем далучыцца да малітоўнай ініцыятывы ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада. Запрашаем на адарацыю Эўхырыстычнага Цела Хрыста ў інтэнцыі навяртання ўсіх людзей, якія ў гэтую ноч аддаюць пашану злому духу, прынімаючы ўдзел ў розных гульнях і забавах. Таксама ў інтэнцыі перапрашэння Бога за грахі супраць Яго Любові і Міласэрнасці. Адарацыя пачнецца пасля Святой Імшы а 19.00 і будзе трываць да 7.00 раніцы.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.