Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і патрэбнымі ласкамі напаўняе вашыя сэрцы.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
Сёння 22 кастрычніка – успамін св. Яна Паўла ІІ. У нашай парафіі адбываецца дзеканская візітацыя, падчас Святой Імшы а 13.30 кс дзекан Уладыслаў Завальнюк увядзе на пасаду пробашча кс. Андрэя. Дзякуем Добраму Богу за 9 гадоў ахвярнай душпастырскай працы кс. Алега і даручым нашых святароў асаблівай апецы Марыі. Пасля кожнай святой Імшы – магчымасць ушанавання рэліквіі святога Яна Паўла ІІ.
28 кастрычніка (субота) - Свята св. Сымона і Юды, апосталаў.
Апостал Сымон перад тым, як далучыўся да супольнасці Дванаццаці, належаў да палітычна-рэлігійнай жыдоўскай групоўкі, члены якой называлі сябе зэлотамі (арамейск. кананітамі) - руплівымі, змагарамі. Пасля ўваскрасення Хрыста ён абвяшчаў Евангелле ў асноўным у Егіпце
і Арменіі. Апостал Юда Тадэвуш, які падчас развітання з Хрыстом спытаўся
ў Яго: «Пане, чаму Ты хочаш аб’явіць сябе нам, а не свету?» — напачатку абвяшчаў Евангелле ў Эдэсе, дзе ахрысціў мясцовага цара і ўсіх яго падданых. У знак падзякі за гэта цар Эдэсы падараваў апосталу выяву Хрыста, якую Юда Тадэвуш заўсёды насіў на грудзях. Паводле паданняў, абодва гэтыя апосталы вялі місіянерскую дзейнасць у Сірыі, Персіі і Месапатаміі і разам былі забітыя дубінамі каля 71 г. (па іншых звестках, Сымон быў распілаваны). Св. апостал Сымон з’яўляецца апекуном дрывасекаў і лясных работнікаў, а заступніцтва св. Юды Тадэвуша просяць у бязвыхадных сітуацыях.
У гэты дзень абыходзіць свае імяніны арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Памятаем аб ім ў нашай малітве.
27 кастрычніка (пятніца) – дзень посту, малітвы і пакаяння ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце - прачытаць зварот біскупаў Беларусі.
У кастрычніку запрашаем на ружанцовыя набажэнствы.
У будзёныя дні а 18.30, у нядзелю пасля св. Імшы на 18.00. Ружанец для дзяцей – субота а 13.00.
Набліжаецца Урачыстасць Усіх Святых і Дзень малітвы за памерлых (1-2 лістапада). Традыцыйна ў гэты час Касцёл моліцца за памерлых. Можна прыносіць ў закрыстыю спісы вашых памерлых. Просім, каб імёны і прозвішчы былі напісаныя ў назоўным склоне. Набажэнствы за памерлых адбудуцца з 1 па 8 лістапада: у 18.30 набажэнства і а 19 гадзіне святая Імша (нядзеля 17.30); кожную сераду
і пятніцу лістапада – набажэнства ў 18.30.
Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.