Шчыра дзякуем вам за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, за ахвяраванні на будову касцёла і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

25 ліпеня (аўторак) - Свята Cвятога Якуба, апостала
Якуб Большы, або Старэйшы, быў сынам рыбака Завядзея і Саламеі, братам святога Яна Багаслова. Разам са сваім братам Янам і святым Пятром ён быў адным з улюбёных вучняў Езуса. Якуб і яго брат за свой парывісты тэмперамент былі празваныя Езусам Баанергес — Сынамі грому. Якуб стаў сведкам уваскрашэння дачкі Яіра і перамянення Пана, а таксама быў з Хрыстом у Гэтсыманіі. Пасля ўваскрасення Збаўцы Якуб мужна абвяшчаў Евангелле, і ў 43 ці 44 г. па загадзе Ірада Агрыпы быў забіты ў Ерузалеме праз адсячэнне галавы.
Такім чынам святы Якуб першым з апосталаў прыняў мучаніцкую смерць за Евангелле. Лічыцца, што ён абвяшчаў Добрую Навіну ў Іспаніі. Рэліквіі святога былі цудоўным чынам адшуканыя на Паўднёвым Захадзе Іспаніі: над полем, дзе спачывала яго цела, заззяла зорка. Пазней на гэтым месцы (лац. campus stellae – поле зоркі) быў заснаваны горад Сант’яга-дэ-Кампастэла, які ў Сярэднявеччы наведвала больш пілігрымаў, чым Рым і Ерузалем. Святы Якуб з’яўляецца апекуном Іспаніі і вайскоўцаў, а таксама яблыкаў і іншых пладоў. Яго заступніцтва просяць пры рэўматызме і ў малітвах аб добрым надвор’і.

Малітва вадзіцеля: Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо прычынаю калецтва тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.

26 ліпеня (серада) – Успамін св. св. Яўхіма і Ганны, бацькоў НПМ

29 ліпеня (субота) - Успамін св. Марты, Марыі і Лазара

1. Сёння 3-ці дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей памятайма аб іх у нашых малітвах.

2. 25 ліпеня Касцёл успамінае святога Крыштафа, апекуна вадзіцеляў. Асвячэнне транспартныых сродкаў адбудзецца ў аўторак 25.07 і нядзелю 30.07 пасля кожнай Святой Імшы.

3. Кожны аўторак у капліцы а 18.45 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа

4. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.