Шчыра дзякуем вам за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, за ахвяраванні на будову касцёла і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
11 ліпеня (аўторак) - Свята св. Бэнэдыкта, абата, апякуна Еўропы
Святы Бэнэдыкт — айцец манаства на хрысціянскім Захадзе — нарадзіўся каля 480 г. у Нурсіі (паўднёвая Італія) і паходзіў з багатай сям’і. Пакінуўшы вучобу ў Рыме, стаў жыць пустэльнікам. Праз пэўны час вакол яго сабралося шмат іншых манахаў, і каля 529 г. ён разам з паплечнікамі заснаваў на поўдні ад Рыма славуты кляштар Монтэ Касіно. Асноўным правілам манаскага жыцця ў ім былі словы «Ora et labora» («Маліся і працуй»), якія сталі дэвізам ордэна бэнэдыктынцаў. У Монтэ Касіно Бэнэдыкт напісаў статут — Ordo Sancti Benedicti, — які стаў асноваю для большасці манаскіх супольнасцяў Захаду.
Заснаваны ім ордэн бэнэдыктынцаў на працягу стагоддзяў быў найбольш значным духоўным, культурным і навуковым асяродкам Еўропы. У 590 г. бэнэдыктынец упершыню стаў Папам. Гэта быў святы Грыгорый Вялікі — славуты касцёльны рэфарматар, які пакінуў найбольш звестак пра святога Бэнэдыкта (і пазней вельмі часта на Пасадзе святога Пятра знаходзіліся менавіта бэнэдыктынцы). Такім чынам сціплы манах-пустэльнік распачаў найбольшае ў гісторыі аднаўленне Касцёла і стаў «будаўніком хрысціянскага Захаду». Святы Бэнэдыкт памёр 21 сакавіка 547 г. і быў пахаваны на Монтэ Касіно каля магілы сваёй сястры-блізняці святой Схаластыкі. Святы з’яўляецца апекуном Еўропы і ўсяго Захаду, а таксама настаўнікаў і школьнікаў. У Касцёле вельмі папулярны медалік з яго выявай, што абараняе ад злых чараў і магіі.
15 ліпеня (субота) - успамін Cвятога Бонавэнтуры, біскупа і доктара Касцёла
Джаванні дэ Фіданца нарадзіўся каля 1218 г. у Італіі. Вучыўся ў Парыжы, дзе стаў доктарам тэалогіі, а ва ўзросце 30-ці гадоў уступіў у ордэн францішканаў, прыняўшы імя Бонавэнтура. Праз пэўны час быў прызначаны генералам ордэну, сёмым у гісторыі. Ён кіраваў францішканамі на працягу семнаццаці гадоў настолькі паспяхова, што яго пачалі называць другім заснавальнікам супольнасці.
Бонавэнтура таксама зрабіў значны ўнёсак у тэалогію і разам з Тамашом Аквінскім з’яўляецца адным з галоўных прадстаўнікоў схаластыкі. Стаўшы кардыналам, быў выкліканы ў Рым, дзе па даручэнні Папы заняўся падрыхтоўкай Другога Ліёнскага Сабору, і памёр за некалькі дзён да яго заканчэння 15 ліпеня 1274 г. Святому Бонавэнтуры нададзены тытул Doctor seraphicus — Серафімскі доктар. Ён лічыцца апекуном тэолагаў, працаўнікоў і грузчыкаў.
1. У ліпені запрашаем на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту а 18.00.
2. З 24 па 30 ліпеня ў Івянцы пройдзе «Музычная майстэрня» для ўсіх, хто жадае адкрыць прыгажосць Бога праз музыку, літургію і супольнасць.
3. Сённяшнія зборы ахвяраванняў прызначаюцца на дыяцэзіяльныя мэты.
4. Кожны аўторак у капліцы а 18.45 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа
5. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.