Шчыра дзякуем вам за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, за ахвяраванні на будову касцёла і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
5 чэрвеня (панядзелак) - Успамін св. Баніфацыя, біскупа і мучаніка.
Нарадзіўся каля 674 г. у Вэсэксе (Англія). Быў выхаванцам бэнэдыктынцаў. Праз пэўны час Баніфацый сам уступіў у ордэн бэнэдыктынцаў і ўзначаліў адну з манаскіх школаў. Ва ўзросце 40 гадоў пачаў займацца навуковай дзейнасцю, складаючы першую пісьмовую ангельскую граматыку. У 718 г. Папа Грыгорый ІІ скіраваў Баніфацыя з евангелізацыйнай місіяй у паганскую ў тыя часы Цюрынгію.
Некалькі гадоў Баніфацый паспяхова працаваў па ўсёй Германіі, абвяшчаючы Божае слова і засноўваючы дыяцэзіі. Усяго на нямецкіх землях ён заснаваў 7 дыяцэзій. У 722 г. Баніфацый быў кансэкраваны як біскуп-місіянер, а праз 10 гадоў стаў арцыбіскупам і папскім вікарыем у Германіі. 5 чэрвеня 754 г. падчас аднаго з місіянерскіх падарожжаў на тэрыторыі Нідэрландаў Баніфацый разам з 52 паплечнікамі быў забіты паганамі. Сваёй дзейнасцю святы Баніфацый заклаў падмурак еднасці хрысціянскай Еўропы, і таму яго называюць «апосталам Германіі» і «заснавальнікам Захаду і Еўропы». Да рэліквій святога, якія спачываюць у заснаваным ім кляштары ў Фулдзе, на працягу стагоддзяў прыходзілі і працягваюць прыходзіць шматлікія пілігрымы. Баніфацый з’яўляецца апекуном краўцоў і півавараў.
8 чэрвеня (чацвер) – УРАЧЫСТАСЦЬ НАЙСВЯЦЕЙШАГА ЦЕЛА І КРЫВІ ХРЫСТА
Абавязковае свята. Святыя Імша а 7.00, 12.00 і 19.00.
1. Нагадваем, што з 1 чэрвеня змяніўся расклад набажэнстваў на час летніх канікулаў. Святая Імша ў нядзелю: 9.00,10.30, 12.00, 19.00, у суботу і будні: 19.00.
2. Праз увесь месяц чэрвень штодня а 18.00 запрашаем на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і “Чэрвеньскае набажэнства” на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У нядзелю а 18.30 перад св. Імшы.
3. У нядзелю 11 чэрвеня па вуліцах сталіцы пройдзе Эўхарыстычная працэсія. Па традыцыі працэсіі будзе папярэднічаць святая Імша, якая распачнецца ў 9.00 каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы. Наша парафія адказная за трэці алтар на пл. Кастрычніцкай.
Падчас працэсіі — ад 9.00 да 13.00 — у мінскіх касцёлах, капліцах і іншых месцах малітвы горада святыя Імшы цэлебравацца не будуць. Таксама ў нашай капліцы не будзе св. Імшы а 9.00, 10.30, 12.00.
У нашай капліцы ў гэты дзень адбудзецца св. Імша а 19.00
4. Кожны аўторак у капліцы а 18.45 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
5. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.