Перажываем цудоўны час — радаснае чаканне Нараджэння Пана. Напэўна, яшчэ ў дзяцінстве, адчуваючы гэтую ні на што не падобную радасць, мы не маглі сабе растлумачыць: чаму ж яна такая адметная, такая поўная?! Можа, снег бялюткі першы? Можа Рараты з цёплымі агеньчыкамі і спакойнымі спевамі? А можа, чаканне святаў і падарункаў? І здаецца, нішто не можа азмрочыць гэтую радаць, нішто не можа яе згасіць…
Так, гледзячы на нашых дзетак, у іх вочкі, поўныя гэтай шчырай радасці і веры ў цуды, разам з імі на нейкі момант трапляеш у гэтую дзіўную бесклапотнасць. Аднак часам надзвычай дарослы позірк адных дзіцячых вачэй можа вярнуць нас у рэальнасць, а можа нават спужаць. Бо на цябе глядзяць вочы з вялікім досведам: голаду, холаду, страху і адзіноты ў роднай неатопленай і непрыбранай хаце, вайны паміж бацькамі, пужаючай непрытомнасці спітых і збітых дарослых…
Дзевяць такіх дзяцей знайшлі прытулак у Дзіцячым доме пры парафіі ў Багданаве. Апякуюцца імі сястра Францішканскага ордэна свецкіх (Трэці закон св. Францішка), апякунка і мясцовы пробашч кс. Ігар Лашук. Цяпер дзеткі маюць усё неабходнае для жыцця: цёплы дом, любячыя сэрцы апякунак, свой ложак, адзенне, ежу… Тым не менш жывуць яны дастаткова сціпла.
Паважаны люд верны! Партал Catholic.by разам з вернікамі парафіі св. Яна Евангеліста, вырашыў з вашай дапамогай у межах Божага Нараджэння падарыць невялікае свята і радасць выхаванцам Дзіцячага дома ў Багданаве, арганізаваўшы ў нашай парафіі сбор грошаў на падарункі і іншыя патрэбы для гэтых дзетак.
Адчуйце сябе ўдзельнікамі гэтага невялікага свята, якое запаліць вочкі дзетак, знявечаных незайздросным лёсам. А вашая неабыякавасць, якую абяздоленыя дзеці заўважаюць і запамінаюць, няхай стане для іх добрым прыкладам, каб і яны выраслі неабыякавымі да патрэбаў іншых людзей.
Валянціна Грамыка, Catholic.by