Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за аказаную дапамогу. Дзякуем нашым парафіянам, якія падрыхтавалі Велікодны Кірмаш, прыгожыя вербы і шмат розных прыгожых і карысных рэчаў, а таксама смачных вырабаў. Асабліва дзякуем за ахвяры, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
Інтэнцыя Жывога ружанца на красавік: Аб адкрытасці нашых сэрцаў на праўду аб Уваскрасенні Езуса, аб узрастанні ў веры, надзеі і любові і развіцці культу да Божай Міласэрнасці. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.
ВЯЛІКІ ЧАЦВЕР – ІМША ВЯЧЭРЫ ПАНА (6 КРАСАВІКА)
Літургія Вялікага чацвярга нагадвае Апошнюю Вячэру, калі Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і Святарства.
Імша Святая Вячэры Панскай распачнецца а 19.00 (транслюецца анлайн).
Пасля Імшы адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цямніцы да 22.00.
ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА МУКІ ПАНА (7 КРАСАВІКА)
У гэты дзень, а таксама ў наступны, згодна са старадаўняй традыцыяй, Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамэнтаў, акрамя пакаяння (споведзь) і намашчэння хворых. У другой палове дня цэлебруецца літургія Мукі Пана, цэнтральнай часткай якой з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. Пасля адарацыі і святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу.
У 18.30 Крыжовы шлях.
19.00 — літургія Мукі Пана і адарацыя крыжа (транслюецца анлайн). На заканчэнне адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту пры Гробе Пана да 23.00.
Вялікая Пятніца – дзень сціслага посту. Ахвяраванні, сабраныя падчас адарацыі Крыжа Пана ў Вялікую Пятніцу, прызначаюцца на патрэбы Гробу Пана ў Святой Зямлі.
ВЯЛІКАЯ СУБОТА (8 КРАСАВІКА)
У Вялікую суботу Касцёл прабывае каля Гробу Пана, разважае пра муку і смерць Хрыста, Яго сыходжаннем у адхлань (месца знаходжання памерлых, куды, згодна са Святым Пісаннем, сышоў Езус Хрыстус перш, чым уваскрэснуць), у малітве і посце чакае Яго ўваскрасення. У гэты дзень не цэлебруецца святая Імша.
Капліца будзе адчынена а 9.00 і распачнецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Асвячэнне страваў на Велікодны стол будзе адбывацца з 9.00 да 17.00 кожную гадзіну.
Пасхальная Вігілія з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. У ноч з суботы на нядзелю паводле найстаражытнейшай традыцыі адбываецца чуванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана. Адзначэнне Пасхальнай Вігіліі — гэта ўжо святкаванне Вялікадня.
Пасхальная Вігілія распачнецца а 21.00 (транслюецца анлайн).
На гэтую ўрачыстую Святую Імшу, калі ласка, вазміце з сабою свечкі.
Пасля Пасхальнай Вігіліі чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту праз усю ноч.
ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ – УРАЧЫСТАСЦЬ ЗМЁРТВЫХПАЎСТАННЯ ПАНА (9 КРАСАВІКА)
Урачыстая працэсія і Святая Імша РЭЗУРЭКЦЫЙНАЯ а 6.00 (транслюецца анлайн)
10.30, 12.00 (траснлюецца анлайн) — урачыстыя святыя Імшы
ВЕЛІКОДНЫ ПАНЯДЗЕЛАК (10 КРАСАВІКА)
12.00, 19.00 — святыя Імшы
1. Сённяшнія ахвяраванні прызначаюцца на патрэбы духоўнай семінарыі.
2. У панядзелак, аўторак і сераду можна скарыстаць з Сакрамэнту Пакуты перад кожнай Святой Імшой, а таксама пасля Святой Імшы.
3. Можна складаць ахвяраванні на кветкі да спецыяльнай скарбонкі.
4. Кожны аўторак у капліцы а 18.45 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва Святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да Святога Юзафа.
5. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.