У жыцці могуць здарацца розныя сітуацыі, і не заўсёды вельмі радасныя і прыемныя. Як на іх рэагаваць, залежыць ад кожнага чалавека асабіста.

Сёння мы хочам падзяліцца з вамі ў рамках рубрыкі «Маленькія гісторыі» (хоць гэтую гісторыю цяжка назваць «маленькай») сведчаннем нашай парафіянкі Вольгі Рэдзькінай, якая з вялікай радасцю даслала нам свой тэкст.

«Хвала Хрысту! Хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто маліўся за маё здароўе!

Два гады я лячылася ад анкалогіі 4 стадыі. У мяне быў рэдкі від пухліны, што вельмі ўскладняла лячэнне. Але я ні разу з моманту пастаноўкі дыягназу не спытала ў Бога, за што мне гэта, таму што Бог не дае нам гэтыя выпрабаванні проста так. Гэта збой, які можа здарыцца з кожным арганізмам. Але я толькі прасіла Яго быць са мной да канца! І Бог з самага пачатку і далей за перыяд лячэння даў мне тры вялікія знакі, што Ён са мной.

Першы знак быў, як цяпер памятаю, 11 лютага. Я два дні як выпісалася са шпіталю, дзе мяне абследавалі і паставілі дыягназ. І вось я 11 лютага стаю недалёка ад Чырвонага касцёла, куды прыйшла ў выніку доўгай зімовай прагулкі (што было адной з умоў падчас лячэння). Стамілася, хачу ехаць дадому, але тут разумею, што я побач з касцёлам і вырашаю ненадоўга зайсці. А аказалася, што ў той дзень быў успамін Маці Божай з Люрда, і я апынулася на Святой Імшы, дзе атрымала сакрамэнт намашчэння хворых! І гэта быў першы і такі відавочны знак ад Бога, што Ён будзе са мной у гэтым выпрабаванні!

Другі знак быў ужо ў сакавіку, калі я ўдзельнічала анлайн з нашай парафіяй у Крыжовым шляху з разважаннямі, пабудаванымі на гісторыі хлопчыка, які паміраў ад лейкозу. У маім стане, калі я толькі даведалася пра свой дыягназ, было вельмі цяжка слухаць гэтую гісторыю, таму я хацела выключыць і не маліцца, але чамусьці ўсё роўна працягвала слухаць, нічога нават не думаючы і ўсё аддаючы Богу! І падчас малітвы ў мяне ў галаве выразна прагучаў голас: "Твой час яшчэ не прыйшоў!" Хоць я пра гэта, паўтаруся, нават не думала! І гэта быў другі відавочны знак, што ў мяне ёсць шанец на выздараўленне!

Трэці знак быў ужо праз 1,5 гады лячэння, калі хвароба ўжо адзін раз сышла, але зноў вярнулася. Мы з сяброўкай вырашылі спантанна з'ездзіць на экскурсію ў Пінск, арганізаваную турагенцтвам. Ужо напярэдадні паездкі я даведалася, што на шляху будзе наведванне касцёла Святых Пятра і Паўла ў Лагішыне, дзе захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Лагішынскай. Калі мы туды прыехалі, я, вядома, стала маліцца каля гэтага абраза аб выздараўленні, і ў галаве ў мяне з'явіўся бланк з вынікамі абследавання, дзе было напісана, што я здаровая! І вось цяпер гэта і адбылося!

Бог далей даў мне ўсё, што толькі трэба для майго выздараўлення: лекі і магчымасць іх купіць, лепшых дактароў, неверагодную падтрымку ад бацькоў, сяброў і калегаў! Вельмі шмат людзей за мяне малілася, падтрымлівала, перажывала! І таму хацелася тут кораценька расказаць, падзякаваць і засведчыць, што Бог заўсёды побач у момант нашых пакут! Таму вялікі дзякуй і хвала нашаму Добраму Богу!»

Радыё Марыя. Дотык Божай Міласэрнасці. Гісторыя Вольгі:

Дарагія сябры! Мы шукаем розныя магчымасці паказаць, як Бог прысутнічае ў нашым жыцці, як Ён дзейнічае праз розныя сітуацыі, праз іншага чалавека. І такім чынам хочам лепей пазнаць самога Бога. Калі вам ёсць чым падзяліцца, калі ласка, напішыце нам.

Тэкст i Фота: Вольга Рэдзькіна

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.