Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, дзякуем тым, хто дапамагаў у ўпрыгожванні нашай капліцы, за складзеныя ахвяраванні, за ахвяры, складзеныя на будову касцёла і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
26 снежня (панядзелак) – Свята св. Стэфана, першамучаніка
Святы Стэфан быў адным з сямі памочнікаў Апосталаў у Ерусалімскім Касцёле. Паводле Дзеяў Апостальскіх, “поўны ласкі і моцы Духа Святога” абвяшчаў Добрую Навіну з мудрасцю, якой ніхто не мог супрацьстаяць. Першы мучанік, сведчачы сваёй смерццю аб праўдзівасці пасланніцтва Хрыста і Яго навукі, ажыцявіў ідэал дасканалага наследвання Пана. Існуе вялікае падабенства паміж смерццю Пана Езуса і Святога Стэфана: фальшывыя сведкі, смерць за горадам, адданне Езуса і Стэфана Богу Айцу, прабачэнне пераследвальнікам. Культ гэтага святога бярэ свой пачатак з IV стагоддзя.
Святая Імша а 12.00 і 19.00.
27 снежня (аўторак) – ПАРАФІЯЛЬНАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ СВЯТОГА ЯНА, АПОСТАЛА І ЕВАНГЕЛІСТА
Святы Ян быў любімым вучнем Пана Езуса. Быў сведкам Перамянення Пана і пакутаў у Аліўным Садзе. На Апошняй Вячэры заснуў на грудзях Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Пан Езус аддаў яму ў апеку Сваю Маці. Святы Ян напісаў Евангелле, тры апостальскія лісты і Апакаліпсіс. Згодна з прадказаннем Езуса Хрыста Святы Ян памёр натуральнай смерццю ў сталым узросце. Евангелле Святога Яна, якое дапаўняе іншыя, мае найглыбейшы выклад Божых таямніц. Ва Усходнім Касцёле Святому Яну нададзены тытул тэолага. У хрысціянскім іканапісе сімвалам Святога Яна ёсць арол.
Святая Імша а 7.00 і 19.00.
28 снежня (серада) – Свята Святых Немаўлят, мучанікаў
З паловы VI стагоддзя Касцёл у перыядзе Божага Нараджэння адзначае ўспамін смерці бэтлеемскіх дзяцей, закатаваных па загадзе Ірада. Святыя Немаўляты з’яўляюцца першымі плёнамі збаўчай справы, распачатай прыйсцем Хрыста на зямлю. Аддаючы жыццё за Хрыста яны атрымалі хрост крывёю і заслужылі сабе ў Бога падвойны арэол дзявіцтва і мучаніцтва.
30 снежня (пятніца) – Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа.
Святога Сям’я з’яўляецца найдасканалай сям’ёй і прыкладам для нас, нашых сем’яў. Святога Юзаф – дасканалы прыклад для айцоў – працавіты, разважлівы, заклапочаны аб доме. Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца ідэалам найлепшай маці. А Езус – непараўнальны Сын, Які будучы Богам быў паслухмяны Бацькам і шанаваў кожнае Іх слова.
1. У закрыстыі можна набыць каляндары на 2023 год.
2. На моцы дыспенсацыі, удзеленай Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, у пятніцу актавы Нараджэння Пана, вернікі не маюць абавязку ўстрымання ад спажывання мясных страваў.
3. З 3 студзеня распачынаем Каляду – душпастырскія наведванні нашых парафіянаў. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа запісацца на адпаведны дзень і час у адмысловым сшытку на прыканцы капліцы.
4. У нядзелю 8 студзеня ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску адбудзецца аплаткавая сустрэча для ўдзельнікаў пешай пілігрымкі Мінск-Будслаў.
- 14.30 – вяночак да Божай Міласэрнасці, падрыхтоўка да Эўхарыстыі.
- 15.00 – святая Імша ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў пілігрымкі і ахвярадаўцаў; цэлебрацыю ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
- 16.00 – дзяленне аплаткай, супольнае калядаванне і пачастунак.
5. У нядзелю 15 студзеня ў нашай парафіі адбудзецца VІ БАЛЬ УСІХ СВЯТЫХ.
6. У наступную нядзелю прыпадае УРАЧЫСТАСЦЬ СВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ МАРЫІ.
Кожны аўторак у капліцы а 18.45 адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.