Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяраванні на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

Урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету – гэта апошняя нядзеля літургічнага года. Наступная нядзеля 27 лістапада – гэта першая нядзеля Адвэнту, якой распачынаем новы літургічны год і падрыхтоўку да ўрачыстасці Божага Нараджэння.

Сёння асабліва хочам падзякаваць Пану Богу за 90 гадоў існавання нашай манаскай супольнасці і 30 год служэння святароў Таварыства Хрыстусовага ў Беларусі.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

22 лістапада (аўторак): Успамін Святой Цэцыліі, панны і мучаніцы
Імя Святой Цэцыліі ўпамінаецца ў Рымскім Каноне. Яна заступніца касцельнай музыкі.

24 лістапада (чацвер): Успамін Святога Андрэя Дунг-Лака, святара, і паплечнікаў, мучанікаў
Праца каталіцкіх місіянераў на в’етнамскіх землях распачалася ў XVI ст. У наступных стагоддзях шматразова выбухалі моцныя пераследаванні, у часе якіх прынялі смерць за веру місіянеры, прыбыўшыя з Еўропы і некаторыя в’етнамцы. 19 чэрвеня 1988 г. папа Ян Павел ІІ кананізаваў 119 мучанікаў в’етнамскіх, сярод іх 8 біскупаў, 37 святароў в’етнамскіх і 59 свецкіх в’етнамцаў.

25 лістапада (пятніца): Успамін благаслаўлёнай сястры Францішкі Сядліскай, заснавальніцы кангрэгацыі сясцёр назарэтанак. Нашыя сёстры сардэчна запрашаюць усiх далучыцца да супольнай малітвы. Пасля вечаровай Святой Iмшы будзе магчымасць ушанавання рэліквій бл. Францішкі.

1. У сераду і пятніцу а 18.30 запрашаем на набажэнства за памерлых.

2. У час Адвэнту ў нашай парафіі будуць адбывацца ранішнія Святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі – Рараты. Усіх запрашаем з панядзелка па пятніцу ў 6.45 раніцы.

3. Сёння можна атрымаць поўны адпуст за прачытанне акта прысвячэння роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і святая Імша складковая. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да святога Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.