Нашыя парафіяне працягваюць дзяліцца сваімі сведчаннямі дзеяння Божай ласкі ў іх жыцці.

Сёння мы хочам дадаць у нашу рубрыку «Маленькія гісторыі» сведчанне Алены Шымак пра вялікую ласку, якую атрымала яе сям'я праз заступніцтва Маці Божай. Гэтай гісторыяй яна падзялілася ў сваіх сацсетках у дзень нараджэння сваіх сыноў-двайнят Мішы і Даніка.

«10 гадоў! Здаецца, прыйшоў час падзяліцца гісторыяй іх нараджэння.

Урачы не давалі ім шанцу. Аднаму дакладна. На 21 тыдні цяжарнасці мне генетык падрабязна растлумачыў, як яны памруць. І таму неабходна адразу выдаліць аднаго, каб у другога быў шанец выжыць...

Перад тым, як увайсці ў гэты «кабінет», я была сведкам таго, як выходзілі іншыя. Хтосьці плача, хтосьці проста вельмі нярвуецца. Я малілася. Мусіць, таму я спакойна слухала, глядзела, якія карціны мне малявалі, і, шчыра кажучы, проста апісвалі жахі. Я спакойна і з цвёрдай рашучасцю сказала, што мы на гэта не пойдзем.

Я не буду апісваць абурэнне «ўрача» маёй дурасцю.

Я пагадзілася з іншым урачом легчы ў шпіталь і паназіраць, як будуць развівацца падзеі. Дыягназ не пацвердзіўся, але аказалася, у Даніка адна артэрыя ў пупавіне. І яго пупавіна была прымацаваная да абалонкі плацэнты.

«Хоць бы дацягнуў да 30 тыдня…»

«Хоць бы яны даносіліся хаця б яшчэ месяц…»

«Хоць бы набраў кілаграма 2…»

«Ёсць верагоднасць, што ён будзе здаровы…»

Мы маліліся. Мая сястра паехала ў Фаціму і малілася аб цудзе нараджэння нашых блізнят. Маліліся ўсе сваякі, сябры, знаёмыя. У парафіі ў нашай інтэнцыі маліўся Жывы Ружанец.

Мяне напоўніў спакой, які можна растлумачыць толькі ласкай малітвы, якая атачала мяне. Валера, відаць, узяў усе клопаты на сябе. За гэты час ён схуднеў дзесьці на 10 кг. Увогуле, нашыя хлопчыкі нарадзіліся ў 39 тыдняў.

Маленькімі іх назваць язык не паварочваецца. Думаю, у той дзень да мяне прыйшоў увесь персанал радзільнага дома. У той дзень я ўпершыню пачула словы «такая ​​далікатная жанчына».

Мы сталі сведкамі вялікага цуду. Гэта было і ёсць настолькі неверагодна, што падавалася, што ўсё гэта адбывалася не з намі.

Дарагія, спадзявайцеся на Бога, будзьце адважнымі – бярыце адказнасць за сваіх дзяцей на сябе, не перакладвайце яе на лекараў. Адзін Бог вырашае, каму жыць, а каму паміраць».

Дарагія сябры! Мы шукаем розныя магчымасці паказаць, як Бог прысутнічае ў нашым жыцці, як Ён дзейнічае праз розныя сітуацыі, праз іншага чалавека. І такім чынам хочам лепей пазнаць самога Бога. Калі вам ёсць чым падзяліцца, калі ласка, напішыце нам.

Тэкст i Фота: Алена Шымак

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.