Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
28 кастрычніка (пятніца): Свята Святых Сымона і Юды, Апосталаў
Святы Сымон меў мянушку Зэлёта – Самаахвярнік з-за самаахвярнага выканання Закону Майсея. Святы Юда – Тадэвуш, брат Якуба Малодшага, быў сваяком Езуса Хрыста. Ён аўтар паслання, унесенага ў кнігу Новага Запавету. Вернікі звяртаюцца да яго як да заступніка ў безнадзейных справах.
У гэты дзень абыходзіць свае імяніны арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Памятаем аб ім ў нашай малітве.
1. У кастрычніку ў нашай капліцы адбываюцца ружанцовыя набажэнствы.
У звычайныя дні ў 18.30, у нядзелю пасля св. Імшы на 18.00.
2. Набліжаецца Урачыстасць Усіх Святых і Дзень малітвы за памерлых (1-2 лістапада). Традыцыйна ў гэты час Касцёл моліцца за памерлых. Можна прыносіць ў закрыстыю спісы вашых памерлых. Просім, каб імёны і прозвішчы былі напісаныя ў назоўным склоне. Набажэнствы за памерлых адбудуцца з 1 па 8 лістапада: у 18.30 набажэнства і а 19 гадзіне святая Імша (нядзеля 17.30); кожную сераду і пятніцу лістапада – набажэнства ў 18.30.
3. У наступную нядзелю на могілках (Масюкоўшчына) адбудзецца набажэнства за памерлых а 15.00.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.