Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамог, за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

20 верасня (аўторак): успамін св. Андрэя Кім Таэгона, святара, і Паўла Чон Хасана, і паплечнікаў, мучанікаў

21 вераня (серада): свята св. Мацвея, апостала і евангеліста
У Евангеллі сам Мацвей так апісвае сваё пакліканне: «Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім». Гэтае Евангелле з’явілася каля 41 – 42 гг. і, паводле старажытных сведчанняў і заключэння Біблейскай камісіі, было напісана на габрэйскай мове.
Да паклікання ў супольнасць апосталаў Мацвей быў мытнікам у Капернауме, горадзе, які знаходзіўся на заходнім беразе Генісарэцкага возера. Ён меў таксама і другое імя — Левій. Згодна з традыцыяй, пасля ўнебаўшэсця Хрыста Мацвей каля 42 г. пакінуў Палестыну і накіраваўся абвяшчаць Евангелле ў Егіпце і Эфіопіі. Там ім былі здзейсненыя шматлікія аздараўленні. Не захавалася звестак пра тое, дзе і пры якіх абставінах загінуў апостал, але ўжо першыя хрысціяне ўшаноўвалі яго як мучаніка. Святы Мацвей з’яўляецца апекуном мытнікаў і банкіраў, а таксама ратуе ад алкагалізму.

23 верасня (пятніца): успамін Святога Піа з Петрэльчыны
Франчэско Фарджонэ — будучы падрэ Піо — нарадзіўся 25 мая 1887 г. у П’етрэльчыне (Паўднёвая Італія). У шаснаццацігадовым узросце ўступіў у закон капуцынаў і праз сем гадоў прыняў святарскае пасвячэнне. У 28 гадоў айцец Піо атрымаў стыгматы — раны, як у Езуса Хрыста, што прычынялі яму нясцерпны боль. З-за накладзеных на яго абмежаванняў падрэ Піо прысвяціў сябе паглыбленаму духоўнаму жыццю, асабліва культу Эўхарыстыі, Мукі Пана і Маці Божай Балеснай, а таксама апостальству споведзі. Перад яго канфесіяналам у касцёле кляштара Сан Джаванні Ратондо выстройваліся вялікія чэргі тых, хто хацеў у яго спавядацца.

Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.