Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамог, за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

12 верасня (панядзелак) успамін Найсвяцейшага Імя Марыі
Парафільная ўрачыстасць у Мінскім архікатэдральным Касцёле.

13 верасня (аўторак) успамін Св. Яна Залатавуснага (Хрызастома), біскупа і доктара Касцёла
Святы Ян Залатавусны (Хрызастом) нарадзіўся ў Антыёхіі (Сірыя) каля 350 г. У васемнаццацігадовым узросце прыняў хрост і пачаў жыць як пустэльнік. Дзесяць гадоў суровай аскезы аслабілі яго здароўе, а таму ён быў вымушаны пакінуць пустэльніцкае жыццё і праз нейкі час распачаў служэнне дыякана пры тагачасным біскупе Антыёхіі. Яшчэ праз некалькі гадоў Ян прыняў святарскае пасвячэнне. Слава пра яго надзвычай красамоўныя казанні выйшла далёка за межы Антыёхіі, а самога Яна пачалі называць Хрызастомам, што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае «Залатавусны».
У 397 г. Ян становіцца патрыярхам Канстанцінопаля. Ён адважна выкрывае заганы і празмерную раскошу, што пануюць пры імператарскім двары, і заклікае моцных гэтага свету да сціпласці. У выніку шматлікіх інтрыг Яна змясцілі з патрыяршага пасаду і выслалі на выгнанне ў Арменію. Пазней яму, ужо моцна хвораму, загадваюць перабрацца ў Пітыунт (Піцунда) ля падножжа Каўказа. Як і разлічвалі яго непрыяцелі, Ян не перажыў гэтага падарожжа і памёр 14 верасня 407 г. Яго апошнімі словамі былі: «Божа, будзь праслаўлены за ўсё».

14 верасня (серада) СВЯТА УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА.
Парафільная ўрачыстасць Мінск (Кальварыя) — парафія Узвышэння Святога Крыжа.

15 верасня (чацвер) успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай

16 верасня (пятніца) успамін Святых Карнэлія, Папа, і Кіпрыяна, біскупа, мучанікаў
Рымлянін Карнэлій быў абраны Папам у сакавіку 251 г. Ён паслядоўна адстойваў магчымасць пакаяння і вяртання ў Касцёл хрысціянаў, якія адышлі ад веры падчас пераследу. Цэзар Гал ізноў пачаў пераследаваць вызнаўцаў Хрыста, і ў чэрвені 253 г. Папа Карнэлій быў асуджаны на выгнанне. Ён памёр у верасні таго ж года ў Чывітавэк’і, непадалёк ад Рыма. З прычыны шматлікіх выпрабаванняў і прыніжэнняў, якія давялося перажыць Карнэлію, ён лічыцца мучанікам. Захаваліся два лісты святога, адзін з якіх скіраваны да Кіпрыяна — тагачаснага біскупа Карфагена.
Кіпрыян нарадзіўся ў Карфагене каля 200 г. у заможнай паганскай сям’і. Маючы ўжо каля 45-ці гадоў, Кіпрыян прыняў хрост і святарскае пасвячэнне, стаўшы ў хуткім часе біскупам Карфагена і кіраўніком касцёла ў Паўночнай Афрыцы. Падчас пераследу хрысціянаў ён кіраваў сваім Касцёлам з укрыцця, ведучы перапіску з вернікамі. Вярнуўшыся ў Карфаген, ён, як і Папа Карнэлій, адстойваў магчымасць пакаяння для тых, хто ў перыяд пераследу адышоў ад Касцёла. З наступнаю хваляю пераследу Кіпрыян быў спачатку асуджаны на выгнанне, але пазней на судовым працэсе яму вынеслі смяротны прысуд і 14 верасня 258 г. адсеклі галаву. Перад смерцю Кіпрыян даў свайму кату 25 залатых манет. Ён пакінуў шмат значных твораў і навуковых працаў, якія мелі вялікі ўплыў на развіццё хрысціянскай думкі.

1. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2022/2023 навучальны год. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу. Пачатак заняткаў 11 верасня 2022 г. Асабліва запрашаем старэйшых дзяцей якія не былі ў Першай Святой Камуніі.

2. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара.

3. Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да каталіцкіх скаўтаў.

4. Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да Эўхарыстычнага Руху Моладзі.

5. Запрашаем на курс МРП (Метад Распазнавання Плоднасці). Прымяненне МРП з'яўляецца адным з кампанентаў экалагічнага стылю сужэнскіх адносін і будавання гармоніі сужонкаў.

6. У наступным годзе ў нашай парафіі адбудзецца сакрамэнт канфірмацыі Сакрамэнт канфірмацыі – гэта сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Дарослыя якія не прынімалі гэтага сакраманту могуць запісацца ў закрыстыі для падрыхтоўкі.

7. Распачынаем катэхезы для дарослых у сераду 19.45, сардэчна запрашаем.

8. Запрашаем на перадшлюбны курс пары якія ў бліжэйшыя поўгады збіраюцца заключыць сакрамэнт сужэнства.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.