Шчыра дзякуем вам за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, за ахвяраванні на будову касцёла і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

28 чэрвеня (аўторак) – успамін Св. Ірэнэя, біскупа і мучаніка

Нарадзіўся каля 130 г. у Малой Азіі. Хутчэй за ўсё, быў выхаванцам святога Палікарпа. Вядома, што са 170 г. Ірэнэй быў прэзбітэрам у Ліёне (Францыя). Там у той час узнікла хрысціянская супольнасць і шмат вернікаў прынялі мучаніцкую смерць у выніку пераследу. Праз нейкі час Ірэнэй стаў біскупам Ліёна. Ён паспяхова займаўся евангелізацыяй на ўсходзе і поўдні Галіі, імкнуўся да паразумення з Касцёлам на Усходзе.

Ірэнэй памёр на мяжы 200–202 гг. у Ліёне (паводле некаторых звестак ён быў замучаны). Яго рэліквіі доўгі час захоўваліся ў Ліёне і былі ў вялікай пашане, пакуль іх не знішчылі гугеноты. Святы Ірэнэй Ліёнскі па праве лічыцца адным з найбольшых тэолагаў і пісьменнікаў Заходняга Касцёла раннехрысціянскіх часоў.

29 чэрвеня (серада) – УРАЧЫСТАСЦЬ СВ. ПЯТРА І СВ. ПАЎЛА, апосталаў
Святыя Імша а 19.00

2 ліпеня (субота) – УРАЧЫСТАСЦЬ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ БУДСЛАЎСКАЙ – апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Святая Імша а 19.00

1. На гэтым тыдні прыпадаюць:

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
Святая Імша толькі а 12.00, не будзе ўсяночнай адарацыі.

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі

Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

Інтэнцыя Жывога Ружанца на ліпень: Молімся аб пакліканнях да жыцця святарскага і манаскага. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.

2. Да канца месяца запрашаем на “Чэрвеньскае набажэнства” на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

3. З нашай парафіі плануем аўтобусную пілігрымку у Будслаў. Выязд 1 ліпеня а 18.00. Адказная за пілігрымку Шадой Дар’я.

4. Перадшлюбнае паведамленне: да сактамэту сужэнства рыхтуюцца Лукомскі Уладзімір, сын Сяргея і Ірыны і Івашкевіч Паліна, дачка Віталія Людмілы.

5. Заўтра ксёндз Уладзімір святкуе свае імяніны, запрашаем да малітвы ў інтэнцыі імянінніка.

6. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласк

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.