1. Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне капліцы і за іншую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог благаславіць Вам і вашым сем’ям.

2. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

21 лістапада (серада): Успамін Ахвяраванне Найсвяцейшай Панны Марыі

Паводле паданняў, якія бяруць пачатак у апокрыфах, Марыю ў дзяцінстве аддалі ў ерузалемскую святыню, дзе яна і выхоўвалася. Гэтае свята адзначалася на Усходзе ўжо ў VII стагоддзі ў гадавіну пасвячэння касцёла Маці Божай у Ерузалеме. У XI стагоддзі свята было прынята Заходнім Касцёлам. Сёння Касцёл успамінае перш за ўсё Ахвяру, якая адбылася ў душы Марыі ў пачатку Яе свядомага жыцця. Марыя зяўляецца для ўсіх прыкладам жыцця, прысвечанага Богу.

22 лістапада (чацвер): Успамін Святой Цэцыліі, панны і мучаніцы

Цэцылія – адна з самых славутых мучаніц Рымскага Касцёла. Цяжка, аднак, у апісанні яе пакутаў адрозніць гістарычныя факты ад легендавых дадаткаў, якія сведчаць аб папулярнасці Святой. Паводле легенды, нягледзячы на дадзены ёю зарок чысціні, яе прымусілі да замужжа з язычнікам Валяр’янам. Аднак Пан цудоўна збярог яе дзявочасць. Святая дзева навярнула мужа і яго брата Тыбурцыя да Хрыста і разам з імі загінула пакутніцкай Смерцю праз адсячэнне галавы. Цела святой Цэцыліі было знойдзена ў катакомбах у 822 годзе і перанесена ў прысвечаную ёй базыліку за Тыбрам. Імя Святой Цэцыліі ўпамінаецца ў Рымскім Каноне. Яна – заступніца касцельнай музыкі.

24 лістапада (субота): Успамін Святога Андрэя Дунг-Лака, святара, і паплечнікаў, мучанікаў.

Праца каталіцкіх місіянераў на в’етнамскіх землях распачалася ў XVI ст. У наступных стагоддзях шматразовы выбухалі моцныя пераследаванні, у часе якіх прынялі смерць за веру місіянеры, прыбыўшыя з Еўропы і некаторыя в’етнамцы. 19 чырвеня 1988 г. папа Ян Павел ІІ кананізаваў 119 мучанікаў в’етнамскіх, сярод іх 8 біскупаў, 37 святароў в’етнамскіх і 59 свецкіх в’етнамцаў.

25 лістапада (нядзеля): Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

3. У кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада перад вячэрняй Святой Імшой адбываецца набажэнства за памерлых: у 18.30 – Нешпары, выпамінкі, Вяночак да Божай Міласэрнасці і Святая Імша складковая за памерлых.

4. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да святога Антонія і ў гэтых інтэнцыях будзе адпраўлена святая Імша ў 19.00.

5. У наступную нядзелю зборы ахвяраванняў прызначаюцца на патрэбы духоўнай семінарыі.



Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.