«Калядныя гісторыі» скончыліся, вітайце «Маленькія гісторыі»! Нашыя парафіяне працягваюць распавядаць пра цікавыя здарэнні ў іх жыцці. Таццяна Мазун піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

Неяк летам мая сяброўка папрасіла правесці майстар-клас па маляванні з дзяўчаткамі ад 8 да 11 гадоў. Я перажывала і шчыра рыхтавалася. Майстар-клас удаўся, і мая сяброўка папрасіла падарыць ёй эскіз. Я не планавала развітвацца з ім і мне вельмі не хацелася яго аддаваць. Але калісьці нехта мне сказаў, што калі ёсць рэчы, з якімі табе цяжка развітацца, абавязкова зрабі гэта, каб не быць прывязанай да іх! Узгадаўшы гэта, я з лёгкасцю падарыла малюнак.

Нядаўна мне сяброўка піша, што мой малюнак яна аздобіла і святар, які прыходзіў па калядзе, асвяціў яго. І ў іх сям'і цяпер ёсць новы абраз Святой Сям'і, і яны вельмі ім цешацца. А я не магу паверыць, што я — аўтар абраза!

Дарагія сябры! Мы шукаем розныя магчымасьці паказаць, як Бог прысутнічае ў нашым жыцці, як Ён дзейнічае праз розныя сітуацыі, праз іншага чалавека. І такім чынам хочам лепей пазнаць самаго Бога. Калі вам ёсць чым падзяліцца, напішыце нам.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.