Прапануем вашай увазе адразу дзве вельмі непадобныя гісторыі. Першую распавядае Аліна Угорыч, успамінаючы часы сваёй працы на «Радыё Марыя».

Калі я працавала на «Радыё Марыя», 24 снежня мы рабiлi эфiр пра «Жывыя галiнкi», і быў цэлы цыкл праграм пра ieрархаў Касцёла ў Беларусі. У гэты святочны дзень таксама ўзгадвалi бiскупа на пенсii Уладзiслава Блiна. Мы не сустракалiся з iм больш за 5 гадоў. I тут пасля абеду — званок! Аказваецца, бiскуп слухаў эфiр i патэлефанаваў, каб падзякаваць за памяць, а 25 снежня ён завітаў да нас у госцi. I гэта быў вельмi шчаслiвы час... Мы заўсёды ўсмiхаемся, калi ўспамiнаем той дзень.


Наступная гісторыя, якую распавяла Вольга Саладкевіч, хоць і не мае дачынення да Калядаў, але здарылася акурат на наступны дзень пасля Божага Нараджэння.

Хвала Хрысту! З Божым Нараджэннем усіх! Хачу падзяліцца з вамі цудамі пасля прысвячэння сябе Марыі.

Прачытала на днях пра тое, што трэба прысвячаць Марыі таксама сваіх блізкіх. У гэты час каля мяне спала мая паўтарагадовая дачка і я адразу памалілася і прысвяціла яе Марыі. Сёння мы былі з дачкой на святой Імшы ў касцёле, у якім бываем кожную нядзелю. Дачка заўсёды вельмі буяніць падчас Імшы, шмат капрызнічае, столькі шуму ад яе… Кожная святая Імша праходзіць вельмі нервова для ўсёй нашай сям'і. І вось пачалася Імша — 5, 10, 15 хвілін ужо ідзе, а дачка ўвесь гэты час ціха сядзіць на ручках і проста глядзіць вакол. Цішыня. Я змагла ўважліва выслухаць усе чытанні на Імшы! Я проста не магла паверыць сваім вачам! Што з нашай дачкой? Яна ніколі так сябе не паводзіла. Гэта сапраўдны цуд! І адразу ж я падумала пра Марыю. Марыя, дзякуй табе! Ты лепш за нас ведаеш, што нам было патрэбна і што ў першую чаргу трэба было «выправіць» у нашым дзіцяці для дабра ўсёй сям'і.

Селі мы ўсе ў машыну пасля Імшы і я радасна дзялюся з усімі гэтым цудам. І тут наша Надзя пачынае плакаць. Гэта другая вялікая праблема з ёй — яна ўвесь час плача і крычыць у машыне. Я кажу: «Ну вось, зараз трэба папрасіць Марыю навучыць Надзю ездзіць у машыне без істэрык і слёз. Марыя, дапамажы Надзе быць заўсёды спакойнай у машыне!» Дзеці ўсміхнуся, мы паехалі. І праз хвіліну мы разумеем, што ў машыне наступіла цішыня. Да самага дома было ціха. Калі мы прыехалі, Надзя ўсміхалася.

Мне так хацелася абняць моцна-моцна Марыю! Якая ж ты клапатлівая! Дзякуй табе, Марыя!


Гэтым матэрыялам мы завяршаем наш амаль спантанны цыкл Калядных гісторый. Але мы шукаем розныя магчымасьці паказаць, як Бог прысутнічае ў нашым жыцці, як Ён дзейнічае праз розныя сітуацыі, праз іншага чалавека. І такім чынам хочам лепей пазнаць самаго Бога. Калі вам ёсць чым падзяліцца, напішыце нам.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.