Святая Сям’я з’яўляецца прыкладам для нашых сем’яў. Святы Юзаф – дасканалы прыклад для айцоў – працавіты, разважлівы, заклапочаны аб доме. Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца ідэалам найлепшай маці. А Езус – непараўнальны Сын, Які будучы Богам быў паслухмяны Бацькам і шанаваў кожнае Іх слова.

Свята Святой Сям’і – гэта таксама свята нашых сясцёр назарэтанак, заахвочваем да малітвы ў іх інтэнцыі, асабліва за с. Марыанну і с. Назарыю.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

27 снежня (панядзелак) – ПАРАФІЯЛЬНАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ СВЯТОГА ЯНА, АПОСТАЛА І ЕВАНГЕЛІСТА

Святы Ян быў любімым вучнем Пана Езуса. Быў сведкам Перамянення Пана і пакутаў у Аліўным Садзе. На Апошняй Вячэры заснуў на грудзях Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Пан Езус аддаў яму ў апеку Сваю Маці. Святы Ян напісаў Евангелле, тры апостальскія лісты і Апакаліпсіс. Згодна з прадказаннем Езуса Хрыста Святы Ян памёр натуральнай смерццю ў сталым узросце. Евангелле Святога Яна, якое дапаўняе іншыя, мае найглыбейшы выклад Божых таямніц. Ва Усходнім Касцёле Святому Яну нададзены тытул тэолага. У хрысціянскім іканапісе сімвалам Святога Яна ёсць арол.

Святая Імша ў гэты дзень а 7.00 і 19.00.

28 снежня (аўторак): Свята Святых Немаўлят, мучанікаў

З паловы VI стагоддзя Касцёл у перыядзе Божага Нараджэння адзначае ўспамін смерці бэтлеемскіх дзяцей, закатаваных па загадзе Ірада. Святыя Немаўляты з’яўляюцца першымі плёнамі збаўчай справы, распачатай прыйсцем Хрыста на зямлю. Аддаючы жыццё за Хрыста яны атрымалі хрост крывёю і заслужылі сабе ў Бога падвойны арэол дзявіцтва і мучаніцтва.

1 студзеня (субота): Урачыстасць СВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ МАРЫІ

Святая Імша ў 10.30, 12.00 і 18.00 (абавязковы ўдзел у літургіі).

На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:

  • Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
  • Першая нядзеля месяца – а 13.30 св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца.

Інтэнцыя жывога ружанца на студзень: Аб Божае благаслаўленне і апеку Маці Божай для сем’яў нашай парафіі.

1. Пасля святаў распачынаем Каляду – душпастырскае наведванне парафіянаў. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа падаць картку з адрасам нумарам тэлефона. Перад тым, як прыйсці да вас, мы патэлефануем і папярэдзім.

2. Запрашаем далучыцца да арганізацыі V Балю ўсіх святых, які адбудзецца ў нашай парафіі ў нядзелю 16 студзеня. Арганізацыйная сустрэча будзе 30 студзеня (чацвер) а 20.00 на Лідскай.

3. З нагоды балю, запрашаем дзяцей і моладзь прыняць удзел у конкурсе малюнкаў на тэму: Божае Нараджэнне ў маім жыцці. Можна выкарыстоўваць любую тэхніку, памер малюнка А3.

4. Святая Імша на заканчэнне каляндарнага года 31 снежня а 19.00. Перад св. Імшой у 18.30 адбудзецца набажэнства.

5. На падставе кан. 87, § 1 ККП Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі для духоўнай карысці вернікаў у сувязі са святкаваннем Божага Нараджэння ў Праваслаўнай Царкве удзяліў дыспенсацыю на дзень 7 студзеня 2022 г. ад абавязку ўстрымання ад спажывання мясных страў для асоб, старэйшых за 14 гадоў. Вернікі, якія будуць карыстацца дыспенсай, павінны памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца. Таксама Арцыбіскуп падцвердзіў дзеянне дыспенсацыі на пятніцу ў Актаве Ўрачыстасці Нараджэння Пана - у гэтым годзе гэта 31 снежня.

Кожны аўторак у капліцы а 18.45 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.