1. Шчыра дзякуем усім вам за супольную і асабістую малітву, за ўсе складзеныя ахвяраванні і за ўсялакую дапамогу, якую аказываеце парафіі. Няхай Бог узнагародзіць Вас і вашыя сем’і.

2. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

9 лістапада (пятніца): Свята Гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі.

Калі пасля трох стагоддзяў праследавання Касцёл атрымаў свабоду, імператар Канстанцін Вялікі ахвяраваў Папу старажытны палац Латэранаў і пабудаваў пры ім базыліку ў гонар Збаўцы, якую Папа, святы Сільвестр, урачыста кансэкраваў 9 лістапада 324г. Каля базылікі узнесена хрысцільня прысвечаная Яну Хрысціцелю, які стаў другім апекуном базылікі. Пры Латэранскай базыліцы канцэнтравалася жыццё Касцёла на працягу тысячы гадоў. Там адбылося многа рымскіх сінодаў і пяць сусветных Сабораў. Хоць пазней рэзідэнцыяй Папаў стаў Ватыкан, базыліка ў Латэране застаецца катэдраю Рыма, маці і галавой усіх касцёлаў Свету.

10 лістапада (субота): Успамін Святога Льва Вялікага, папы і доктара Касцёла.

Святы Леў нарадзіўся каля 400 года. У 440 годзе ён быў выбраны Папам. Ён настойліва змагаўся з ерассю і ўзмацняў касцельную дысцыпліну. Захавалася каля двухсот пасланняў, у якіх ён тлумачыў вучэнне Касцёла, і сто казаняў, звернутых да рымлянаў у розныя святы. Гэтыя казані дазваляюць нам зразумець тэалагічнае вучэнне святога Папы і літургічнае жыццё Рыма ў той час. Асабістым звяртаннем да караля гунаў Атылы і караля вандалаў Гензэрыха ён уратаваў Рым ад знішчэння. Вялікі Папа памёр 10 лістапада 461 года.

3. Напрацягу лістапада молімся за памерлых з нашых сем’яў. Да 8 лістапада кожны дзень, а таксама ў кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада перад вячэрняй Святой Імшой будзе адбывацца набажэнства за памерлых: у 18.30 – Нешпары, будуць чытацца выпамінкі (імёны і прозвішчы памерлых) за якіх молімся і будзе адпраўляцца Святая Імша складковая за памерлых.

4. Інтэнцыя Жывога Ружанца на месяц лістапад: за памерлых нашых бацькоў, братоў, сясцёр, родных і дабрачынцаў.

5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да святога Антонія і ў гэтых інтэнцыях будзе адпраўлена святая Імша ў 19.00.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.