
28 лістапада распачаўся адмысловы літургічны перыяд Адвэнт — час пабожнага і радаснага чакання на Прыйсце Пана, час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння.
Хоць Кодэкс кананічнага права не называе Адвэнт постам і ён не мае выразна пакутнага характару, але ў ім прысутнічаюць рысы стрыманасці. Падчас Адвэнту належыць устрымацца ад удзелу ў гучных забавах, прынята рабіць дабраахвотныя пастановы, звязаныя з абмежаваннямі, больш інтэнсіўнай працай над сабой, высілкамі, накіраванымі на добрыя справы і справы нашага духоўнага жыцця.
Адвэнт — гэта перыяд чування, малітвы і перамены жыцця. У Адвэнце мы закліканыя адмовіцца ад граху і аднавіцца ў любові, бо Бог надыходзіць, каб прынесці паўнату шчасця.
Згодна са старадаўняй традыцыяй у нашай парафіі будзе цэлебравацца ранішняя Святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Запрашаем на Рараты ва ўсе буднія дні ў 6.45 раніцы.
Па матэрыялах Jan.by і Catholic.by

