Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
30 лістапада (аўторак): Свята Святога Андрэя Апостала
Паходзіў з Бэтсаіды (Галілея). Быў братам Сымона-Пятра. Абодва яны былі рыбакамі і жылі ў Капернауме, на беразе Генісарэцкага возера. Згодна з Евангеллем паводле св. Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста, і таму ва ўсходняй традыцыі яго называюць «Першазваным». У сінаптычных Евангеллях апісана сцэна паклікання галілейскіх рыбакоў Андрэя і Пятра, якая адбылася пазней на беразе Генісарэцкага возера, пасля чаго браты ўжо не пакідалі Езуса і паўсюль спадарожнічалі яму. Паводле некаторых звестак, пасля смерці і ўваскрасення Месіі Андрэй скіраваўся на місію ў Грэцыю і Турцыю. 30 лістапада 60 г. у грэцкім горадзе Патрасе ён прыняў мучаніцкую смерць праз укрыжаванне: апостал быў прыбіты да крыжа ў форме літары «Х» — т. зв. крыжа св. Андрэя.
3 снежня (пятніца): Успамін Святога Францішка Ксаверыя, святара
Святы Францішак – іспанец, пазнаёміўся ў Парыжу са Святым Ігнацыям Лаёлам, заснавальнікам Таварыства Езуса. Пад яго ўплывам стаў адным з яго гарлівых супрацоўнікаў у новым законе. Быў высланы на місію ў Індыю і навярнуў шматлікія паганскія народы. Потым распачаў Евангелізацыю ў Японіі. Меў намер падацца яшчэ і ў Кітай, але Бог яго паклікаў да вечнасці на гары Санцян каля Кантону 3 снежня 1552 года. Надзвычайная апостальская дзейнасць была плёнам яго глубокага ўнутранага жыцця і вернасці духоўным практыкаванням. Святы Францішак Ксаверый з’яўляецца апекуном каталіцкіх місій.
1. На гэтым тыдні прыпадаюць:
- Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
- Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
- Запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і сям'і. Адарацыя пачнецца пасля святой Імшы на 19.00 і працягнецца да 8-й гадзіны раніцы.
- Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
- Першая нядзеля месяца – а 13.30 св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.
Інтэнцыя жывога ружанца на снежань: Каб час Адвэнту і Божага Нараджэння быў часам нашага навяртання да Езуса і духоўнага адраджэння нашых сем'яў і народа.
2. Сёння мы распачалі час Адвэнту – час чакання на Прыйсце Пана, час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Памятаем, што гэта час посту. На Адвэнт прынята рабіць пастановы. Заахвочваем таксама і вас прыняць на сябе постныя пастановы. Пастараймася напрацягу гэтага перыяда больш засяродзіцца над справамі нашага духоўнага жыцця. Належыць абмежаваць наш удзел у гучных забавах.
3. Згодна са старадаўняй традыцыяй у нашай парафіі будзе адбывацца ранішняя Святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас запрашаем на РАРАТЫ ад панядзелку да пятніцы ў 6.45 раніцы.
4. У закрыстыі можна набыць аплаткі на вігілійны стол.
5. Кожны аўторак у капліцы а 18.45 адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.