Фота Віталія Палінеўскага

21 лістапада нашу парафію наведаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, каб удзяліць сакрамэнт канфірмацыі. Пасля святой Імшы мы паразмаўлялі з іерархам.

— Ваша Эксцэленцыя, Вы ўпершыню ў нашай парафіі, якія ў Вас уражанні? Ці чулі Вы раней што-небудзь пра нас?

— Чуць — чуў, але адна справа — мець інфармацыю, а другая — прыехаць сюды, убачыць людзей, якія збіраюцца. Уражанні самыя сардэчныя і радасныя.

— Так цікава Бог вядзе — я калісьці была той моладзю, якой Вы займаліся ў Ваўкавыску. Што Вы можаце сказаць пра той час? Для мяне, гэты вельмі цёплыя ўспаміны.

— Гэта быў першы год майго святарства. Як Папа Францішак да сённяшней моладзі кажа: «Устань і ідзі, сведчы аб тым, што ты спазнаў», так і я, пасля пяці гадоў вучобы ў семінарыі прыйшоў у парафію. Першая парафія, першы святарскі, душпастарскі досвед... Трэба было зразумець, адчуць, што чакаюць, чаго патрабуюць вернікі. Бо навука, навукай, а жыццё ідзе па сваёй каляіне... Вельмі цешыўся таму, што ў Ваўкавыску было шмат людзей, інтарэсы якіх не заканчваліся толькі нядзельнай літургіяй. Моладзь прыходзіла на катэхэзу, цікавілася рознымі пытаннямі. Сустрэчы адбываліся пасля святой Імшы, кожны дзень, нават і пры мінус 25-ці градусах! Мы размаўлялі, арганізоўвалі забавы, каб не змерзнуць, бо не заўсёды сустрэчы праходзілі ў будынку, не заўсёды ў залі, але і на падворку. Таму успаміны самыя добрыя. Вельмі часта вяртаюся ў думках менавіта да першага года, да першага досведу святарства.

— У нас тут таксама вельмі добрыя, адданыя святары, што б Вы ім пажадалі, параілі, тым больш, што сёння Свята Хрыста, Валадара Сусвету, галоўнае свята хрыстусоўцаў?

— Што ж пажадаць? Напэўна, вытрымкі, вытрываць у сваім выбары, у сваім пакліканні, развіваць яго, умацоўваць. Тады яно будзе таксама бачна і другім людзям, што чалавек будуецца, бо ўзбагачаецца літаратурай, малітвай, і нават сваім выглядам. А разам з гэтым жадаю, раз мы ўжо кажам пра будову, то будову не толькі духа, але і вашай святыні, каб яна была вялікай, прыгожай і запатрабаванай; каб яшчэ больш і больш людзей прыходзіла; каб яшчэ больш людзей маглі прывесці вашыя айцы да Хрыста, Валадара Сусвету, да Хрыста, які валадарыць любоўю, прабачэннем, лагоднасцю.

Фота Віталія Палінеўскага

— Вы ўжо некаторы час знаходзіцеся ў Мінска-Магілеўскай архідыяцэзыі, якія ў Вас уражанні?

— Яшчэ пару дзён і будзе ўжо месяц, як я на тэрыторыі Мінска-Магілеўскай архідыяцэзыі. Наведаў мінскую архікатэдру, магілёўскую катэдру і Будслаўскі санктуарый, парафію ў Бялынічах. У кожнай святыні ёсць людзі — дом Божы напаўняецца вернікамі. Там, дзе чалавек, там ёсць Бог, там малітва, там годнасць, там прабачэнне, там дыялог. І таму я задаволены, што ў Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі ў кожнай святыні, незалежна ад іх гістарычнай вартасці ці архітэктурнай каштоўнасці, і ў гэтай вялікай і ў гэтай маленькай, прысутнічае чалавек, які патрабуе сустрэчы з Богам. Гэта найважнейшае.

— Зараз вельмі складаны час: людскія сэрцы як адкрытыя раны, у якіх шмат болю і слёз, а часам і адчаю. Ваша прызначэнне людзі успрымаюць з вялікай надзеяй, але, разам з тым, і з некаторай насцярожанасцю...

— Добра, што ў пытанні прагучалі словы: сэрцы і раны. Хрыстус Пан прыйшоў на гэты свет у свой час, у канкрэтным месцы, у канкрэтным грамадстве, а таксама, можна сказаць, у канкрэтных палітычных абставінах. Хрыстус прыходзіць перамяніць сэрца чалавека. Не прыходзіць, каб змяніць зло сілай. Не прыйшоў і не памяняў межы дзяржавы ці саміх дзяржаўных правіцеляў. Ён прыходзіць, каб дакрануцца да сэрца чалавека і перамяніць яго, бо ў Бога ўсё адбываецца з любоўю і ў вольнасці. Кожны мае вольную волю. А мы сёння маем тое, што Бог раней сказаў і што Хрыстус Пан да нас давёў — Евангелле: Стары і Новы Запаветы. Нашае заданне — абвяшчаць гэтую праўду, якая заключана ў Святым Пісанні, не толькі словам, але і ўчынкам. І я прыходжу, а менавіта папа Францішак паслаў мяне сюды, у Мінска-Магілеўскую архідыяцэзію, каб абвяшчаць Божае слова. Так — з моцаю, але і з любоўю, і са зразуменнем. Як кажа Хрыстус: хто прыме Евангелле, той спазнае праўду, той спазнае любоў, той стаіць на шляху да жыцця вечнага; хто не прыме, той сам сябе адгароджвае ад таго, што Божае, што справядлівае, што дае сэнс і мэту нашага жыцця.

Фота Міколы Новікава

— Сёння XXXVI Сусветны дзень моладзі. Дайце некалькі парадаў маладым людзям.

— Старэйшыя людзі, да якіх, скажам, і я ўжо належу, не толькі чулі, марылі, але ў сваім жыцці ўжо таксама ведаюць, што здзяйсняецца, а што застаецца толькі на словах альбо ў думках. Таму жадаю маладым людзям, каб рэалістычна глядзелі на жыццё, каб умелі глядзець і каб бачылі, каб назіралі, сузіралі, што адбываецца ў іх матэрыяльным і духоўным жыцці. Ну, і таксама, каб не баяліся, не ўцякалі, не саромеліся сваіх памылак, бо Хрыстус ведае нашыя сэрцы. Папа Францішак піша ў сваім лісце пра святога апостала Паўла, якім ён быў і якім ён стаў, але ён не сам гэта ўчыніў, гэта была канкрэтная воля Божая, Божы провід. Бог перамяняе сэрца чалавека. Павел паддаўся гэтай перамене, і з чалавека, які пераследаваў, стаў апосталам, які абвяшчае слова Божае. Няхай моладзь заўсёды памятае, што Бог яе вядзе, што мы ідзём за Езусам Хрыстом. Не дапасоўваць да сябе Святое Пісанне ці жыццё Касцёла, але ўвайсці у жыццё Касцёла, парафіі і разам са сваімі равеснікамі, разважаючы, мроячы, нарабіць шуму ў касцёле! У пазітыўным сэнсе. Каб іншыя пачулі і ўбачылі, што моладзь ідзе за Хрыстом, моладзь вядзе дыялог з Езусам Хрыстом.

— Вялікі дзякуй за размову, за вашу адкрытасць!

Размаўляла Ірына Шаўструк

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.