Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
13 верасня (панядзелак) успамін Св. Яна Залатавуснага (Хрызастома), біскупа і доктара Касцёла
Святы Ян Залатавусны (Хрызастом) нарадзіўся ў Антыёхіі (Сірыя) каля 350 г. У васемнаццацігадовым узросце прыняў хрост і пачаў жыць як пустэльнік. Дзесяць гадоў суровай аскезы аслабілі яго здароўе, а таму ён быў вымушаны пакінуць пустэльніцкае жыццё і праз нейкі час распачаў служэнне дыякана пры тагачасным біскупе Антыёхіі. Яшчэ праз некалькі гадоў Ян прыняў святарскае пасвячэнне. Слава пра яго надзвычай красамоўныя казанні выйшла далёка за межы Антыёхіі, а самога Яна пачалі называць Хрызастомам, што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае «Залатавусны».
У 397 г. Ян становіцца патрыярхам Канстанцінопаля. Ён адважна выкрывае заганы і празмерную раскошу, што пануюць пры імператарскім двары, і заклікае моцных гэтага свету да сціпласці. У выніку шматлікіх інтрыг Яна змясцілі з патрыяршага пасаду і выслалі на выгнанне ў Арменію. Пазней яму, ужо моцна хвораму, загадваюць перабрацца ў Пітыунт (Піцунда) ля падножжа Каўказа. Як і разлічвалі яго непрыяцелі, Ян не перажыў гэтага падарожжа і памёр 14 верасня 407 г. Яго апошнімі словамі былі: «Божа, будзь праслаўлены за ўсё». Цела святога спачывае ў Рыме каля гробу святога Пятра. Ян Залатавусны з’яўляецца найбольш знакамітым доктарам усходняй Царквы. Папа Пій Х абвясціў яго апекуном прапаведнікаў.

14 верасня (аўторак) СВЯТА УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА.
Цэнтральнымі тэмамі літургіі свята Узвышэння Крыжа з’яўляюцца смерць Хрыста на крыжы і адкупленне, якое на ім здейснілася. На крыж неабходна глядзець праз прызму ўваскрашэння. Крыж не з’яўляецца самадастатковаю мэтаю, а шляхам, які вядзе да ўваскрашэння, гэта значыць — да паўнаты жыцця ў Богу. Крыж - знак збаўлення для ўсіх, хто ў прастаце сэрца паверыць у Божую любоў і такі спосаб збаўлення чалавека і ў гэтым святле абсалютна іншае значэнне набываюць усе штодзённыя крыжы чалавека. Парафільная ўрачыстасць Мінск (Кальварыя) — парафія Узвышэння Святога Крыжа.

15 верасня (серада) успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай

16 верасня (чацвер) успамін Святых Карнэлія, Папа, і Кіпрыяна, біскупа, мучанікаў
Рымлянін Карнэлій быў абраны Папам у сакавіку 251 г. Ён паслядоўна адстойваў магчымасць пакаяння і вяртання ў Касцёл хрысціянаў, якія адышлі ад веры падчас пераследу. Цэзар Гал ізноў пачаў пераследаваць вызнаўцаў Хрыста, і ў чэрвені 253 г. Папа Карнэлій быў асуджаны на выгнанне. Ён памёр у верасні таго ж года ў Чывітавэк’і, непадалёк ад Рыма. З прычыны шматлікіх выпрабаванняў і прыніжэнняў, якія давялося перажыць Карнэлію, ён лічыцца мучанікам. Захаваліся два лісты святога, адзін з якіх скіраваны да Кіпрыяна — тагачаснага біскупа Карфагена.
Кіпрыян нарадзіўся ў Карфагене каля 200 г. у заможнай паганскай сям’і. Маючы ўжо каля 45-ці гадоў, Кіпрыян прыняў хрост і святарскае пасвячэнне, стаўшы ў хуткім часе біскупам Карфагена і кіраўніком касцёла ў Паўночнай Афрыцы. Падчас пераследу хрысціянаў ён кіраваў сваім Касцёлам з укрыцця, ведучы перапіску з вернікамі. Вярнуўшыся ў Карфаген, ён, як і Папа Карнэлій, адстойваў магчымасць пакаяння для тых, хто ў перыяд пераследу адышоў ад Касцёла. З наступнаю хваляю пераследу Кіпрыян быў спачатку асуджаны на выгнанне, але пазней на судовым працэсе яму вынеслі смяротны прысуд і 14 верасня 258 г. адсеклі галаву. Перад смерцю Кіпрыян даў свайму кату 25 залатых манет. Ён пакінуў шмат значных твораў і навуковых працаў, якія мелі вялікі ўплыў на развіццё хрысціянскай думкі.

18 верасня (субота): успамін Святога Станіслава Косткі, законніка.
Святы Станіслаў Костка нарадзіўся ў Расткове на Мазоўшы напрыканцы снежня 1550 года. З дзяцінства адзначаўся набажэнствам да Найсвяцейшага Сакра-мэнту і да Маці Божай. Разам з братам быў высланы да іезуіцкіх школаў у Ведню. Меў аб’яўленне Маці Божай, якая параіла яму ўступіць да закону іезуітаў. Па той прычыне, што не мог разлічваць на дазвол бацькоў, пераапрануты ўцёк з Ведня, пеша дабраўся да Дылінгі ў Баварыю і з’явіўся ў святога Пятра Канізыя. Той святы выслаў яго да Рыму, дзе святы Францішак Боргаш прыняў Станіслава да навіцыяту. У навіцыяце Станіслаў будаваў усё асяродзе ўзорным жыццём. Запалены полымем Божай любові выпрасіў сабе смерць у свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1568 годзе. Яго рэліквіі знаходзяцца ў Рыме ў касцёле святога Андрэя на Квірынале. Святы Станіслаў з’яўляецца патронам Польшы.

1. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2021/2022 навучальны год. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу. Пачатак заняткаў 12 верасня 2021 г.

2. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара.

3. Запрашаем новых кандыдатаў у дзіцячы і моладзевы музычны гурт нашай парафіі, а таксама ў парафіяльны хор і польскі хор «BARKA».

4. Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да каталіцкіх скаўтаў у нашай парафіі.

5. Запрашаем у польскую школу нашай парафіі Яна Паўла ІІ і Instytut III wieku.

6. Сакрамэнт канфірмацыі ў нашай парафіі адбудзецца 21 лістапада 2021. Сакрамэнт канфірмацыі – гэта сакрамэнт хрысціянскай сталасці. У ім Езус Хрыстус удзяляе ахрышчаным Духа Святога, які ў дзень Пяцідзесятніцы быў праз Яго спасланы на Апосталаў. Сакрамэнт канфірмацыі можа і павінен прыняць кожны ахрышчаны. Дарослыя якія не прынімалі гэтага сакраманту могуць запісацца ў закрыстыі для падрыхтоўкі.

Кожны аўторак а 18.45 у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і Святая Імша складковая. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.