Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

24 жніўня (аўторак): Свята Святога Барталамея, апостала
Святы Барталамей, (што па-габрэйску азначае сын Таламея ці сын аратая), хутчэй за ўсё, меў імя Натанаэль. Ён нарадзіўся на пачатку І ст. у Кане Галілейскай, а да Хрыста яго прывёў апостал Філіп. Пасля ўваскрасення Збаўцы Барталамей абвяшчаў Евангелле ў Арменіі, Месапатаміі і Індыі, аздараўляючы хворых і апантаных. Апостал быў забіты ў сярэдзіне І ст.: з яго жыўцом садралі скуру. Святы Барталамей з’яўляецца апекуном шахцёраў і мяснікоў, а таксама яго заступніцтва просяць пры нервовых і скурных хваробах.

26 жніўня (чацвер): Успамін НПМ Чэнстахоўскай

27 жніўня (пятніца) Успамін Святой Монікі
Нарадзілася ў Паўночнай Афрыцы каля 330 года. Жонка паганіна з шалёным характарам, якога сваёй лагоднасцю і цярплівасцю прывяла да хрысціянскай веры. Таксама сваімі малітвамі і слязамі выпрасіла у Бога навяртанне сына Аўгустына, які паддаваўся ўплывам розных ерэтыкаў і вёў грэшнае жыццё. Аўгустын з часам стаў біскупам і адным з вялікіх дактароў Касцёла. Святая Моніка памёрла ў 387 годзе.

28 жніўня (субота): Успамін Святога Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла
Нарадзіўся ў Паўночнай Афрыцы ў 354 годзе. Сын паганіна Патрыцыя і хрысціянкі Монікі, якая пасвяціла сваё жыццё малітвам аб навяртанні сына. У маладосці праводзіў распутнае жыццё і паддаваўся ўплывам розных ерэсей. У Медыялане пасля размоў са святым Амброзіем і чытання тэкстаў святога Паўла Аўгустын перажыў навяртанне да веры, прыняў хрост. У далейшым стаў святаром, потым – біскупам Гіпона. Памёр у 430 годзе. Яго казанні і сачыненні залічаны да найлепшых спраў хрысціянства.

1. Запрашаем з 23 па 28 жніўня на ’’Канікулы з Богам’’ для дзяцей і моладзі. Запісы ў закрыстыі. Кошт 30 р.

2. У закрыстыі можна запісваць дзяцей на катэхезу на наступны навучальны год.

3. У Баранавіцкім Катэхетычным Каледжы Імя З. Лазінскага распачалася ўступная кампанія. Навучанне ў каледжы працягваецца тры гады (з верасня па чэрвень). Форма навучання — завочная. Заняткі праводзяцца у субботу і нядзелю 2 разы ў месяц. Навучанне бясплатнае. Іншагароднія студэнты забяспечваюцца начлегам і сілкаваннем. Прымаюцца асобы ад 18 гадоў.
Набор студэнтаў адбываецца ў адну з чатырох груп па спецыялізацыі на выбар:
а) катэхетыка (для жадаючых працаваць катэхетам);
б) агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса);
в) сямейнае кансультаванне;
г) кансультаванне ў галіне залежнасцей.
Уступны экзамен для абітурыентаў у 2021 г.:
28 жніўня — першы тур; 4 верасня — другі тур

Кожны аўторак а 18.45 у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і Святая Імша складковая. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.