Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні прыпадаюць:

20 жніўня (пятніца) Успамін св. Бэрнарда, абата і доктара Касцёла

Нарадзіўся ў 1090 г. у Бургундыі (Францыя). У 1112 г. разам з чатырма з пяці сваіх братоў і яшчэ трыццацю паплечнікамі распачаў манаскае жыццё ў цыстэрцыянскім кляштары ў Сіто. Дзякуючы яму гэтая манаская супольнасць стала вельмі хутка развівацца, і праз тры гады Бэрнард узначаліў заснаваны ім кляштар у Клерво. Бэрнард меў сувязі з многімі выдатнымі асобамі таго часу, сярод якіх былі Папы і каралі, і набыў вядомасць як цудоўны прапаведнік, што заклікаў да крыжовых паходаў.

Усяго ён заснаваў 69 цыстэрцыянскіх фундацый і, ведучы аскетычнае манаскае жыццё, адмаўляўся ад любых пасадаў, якія яму прапаноўвалі. Бэрнард, у жыцці якога было нямала фізічных і духоўных пакутаў, шмат падарожнічаў па розных краінах. Ён памёр 20 жніўня 1153 г. у Клерво, дзе і быў пахаваны. Бэрнард, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў ордэна цыстэрцыянцаў, сваім жыццём увасобіў ідэал манаха і быў адной з самых яркіх постацяў Касцёла ў Сярэднявеччы. Заступніцтва святога Бэрнарда Клервоскага просяць пры дзіцячых хваробах, пры хваробах жывёлы, падчас бураў і навальніцаў, а таксама ў хвіліну смерці. Святы лічыцца апекуном пчаляроў і пчолаў.

1. Жнівень – гэта месяц цвярозасці. Заклікаем вас на працягу ўсяго жніўня ўстрымацца ад ужывання алкагольных напояў. Свае абяцанні можна задэкляраваць у спецыяльнай «Кнізе цвярозасці».

2. З 23 па 28 жніўня адбудуцца ’’Канікулы з Богам’’ для дзяцей і моладзі. Запісы ў закрыстыі. Кошт 30 р.

3. У закрыстыі можна запісваць дзяцей на катэхезу на наступны навучальны год.

Кожны аўторак а 18.45 у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і Святая Імша складковая. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.