Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі:

3 мая (панядзелак): СВЯТА СВ. СВ. ФІЛІПА І ЯКУБА, АПОСТАЛАЎ.

У пераліку апосталаў Філіп з’яўляецца пятым. Ён быў вучнем святога Яна Хрысціцеля і паходзіў з Бэтсаіды, што на Генісарэцкім возеры, дзе працаваў рыбаком. Там яго сустрэў Езус і паклікаў у супольнасць дванаццаці апосталаў. Пасля ўваскрасення Хрыста Філіп спачатку вёў місіянерскую дзейнасць у сябе на радзіме, а пасля накіраваўся ў Фрыгію (Малая Азія), дзе навярнуў і ахрысціў шмат паганаў. Там каля 80 г., ва ўзросце 87 гадоў, апостал прыняў мучаніцкую смерць: быў прыбіты да крыжа і пабіты камянямі.

Якуб Меншы (Малодшы) быў сынам Клеафаса і Марыі, сястры Найсвяцейшай Панны Марыі. Часта яго атаясамліваюць з Якубам, «братам Пана», які карыстаўся ў Ерузалеме вялікім аўтарытэтам і быў празваны «Праведны». Розныя крыніцы называюць яго таксама першым біскупам Ерузалему. У 62 г. першасвятар Анна асудзіў Якуба на смерць, і апостала скінулі са сценаў святыні, пасля чаго яго дабіў нейкі гарбар.

Рэліквіі абодвух святых спачываюць у Рыме, у базыліцы Дванаццаці Апосталаў. Святыя Філіп і Якуб лічацца апекунамі капялюшнікаў, крамнікаў, гарбароў.

1. На гэтым тыдні прыпадаюць:

Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса

Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.

Таксама запрашаем на ўсяночную адарацыя ў інтэнцыі абароны жыцця і сям'і. Адарацыя пачнецца пасля святой Імшы на 19.00 і працягнецца да 8-й гадзіны раніцы.

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі

Інтэнцыя Жывога Ружанца на май: Молімся за дзяцей з нашай парафіі, якія рыхтуюцца да прыняцця Першай Святой Камуніі, молімся аб дары здароўя для хворых і патрэбных ласках для медыкаў. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.

2. У маі штодня запрашаем на ”Маёвае набажэнства” да Найсвяцейшай Марыі Панны а 18.45. У нядзелю пасля Імшы а 18 гадзіне.

3. Кожны аўторак у капліцы а 18.45 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.