Мы жывём у складаны перыяд для нашай Бацькаўшчыны і для чалавецтва ў цэлым. Ад навінаў душу напаўняе смутак, горыч і боль. Часам здаецца, што сілаў ужо зусім не засталося. Дзе браць моц, каб не згаснуць, не паддацца адчаю?

Маем цудоўны перыяд літургічнага году — Вялікі пост. Гэта дар. Гэта магчымасць адкінуць усё, што засланяе Бога. Успомніць, што менавіта Ён з’яўляецца той бясконцай, невычарпальнай крыніцай сілы і любові, што разам з нашым Створцам мы можам усё: аднавіцца ў Ім, напоўніцца Святым Духам, каб з радасцю і надзеяй увайсці ў свята Змертвыхпаўстання. І каб узмоцненыя мы маглі несці гэтую радасць, любоў і надзею іншым людзям.

Мы папрасілі ксяндза Уладзіміра Марушэўскага SChr, сястру Мар’яну Алешчык CSFN і катэхетку Таццяну Мазун растлумачыць, як найбольш плённа перажыць перыяд Вялікага посту, і даць некалькі парадаў.


Спачатку некалькі пытанняў ксяндзу Уладзіміру:

— Што самае галоўнае падчас посту?

— Падчас посту найважнейшы Езус Хрыстус і любоў да Яго. Трэба быць з Ім, слухаць Яго, мець час для Яго. Гэта немагчыма без цішыні і дысцыпліны. Таму максімальна абмяжоўваем ўсё, што нам у гэтым перашкаджае (асабліва інтэрнэт). Пакута нам дапамагае пазнаць праўду пра нашыя адносіны з Богам, з бліжнімі і з самім сабой. Пакутныя ўчынкі павінны быць вельмі канкрэтныя — міласціна, малітва і пост.

— Чытанне Бібліі і духоўнай літаратуры — адна з практык посту. Што б Вы прапанавалі з духоўнай альбо можа мастацкай літаратуры для ўзрастання ў веры?  

— Фама Кэмпійскі «О подражании Христу»; Св. Людвик дэ Манфор «Трактат об истинном почитании Пресвятой Девы Марии».

— Што з малітоўнай, духоўнай практыкі вы маглі б параіць вернікам?

— Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. У нашай капліцы ёсць такая магчымасць штодня (з панядзелка па суботу з 18:00 да 19:00, у нядзелю з 19:00 да 20:00). І штодзённая сямейная малітва, напрыклад, на ружанцы.

— Што, апроч вышэйузгаданага, прапануе наша каплічка?

— Кожны дзень святая Імша (паводле раскладу), сакрамэнт пакаяння, адарацыя, магчымасць размовы са святаром, а дадаткова яшчэ падчас посту Крыжовы шлях і Песні жальбы.



Вось, што нам патлумачыла сястра Мар’яна:

— Каталіцкі Касцёл мае вялікую духоўную спадчыну. Калі б мы маглі з пашанай аднесціся да ўсяго таго, што ён прапануе, гэта было б вельмі карысна для нас. Напрыклад, Песні жальбы — цудоўная шматгадовая практыка. Прыслухайцеся да словаў: якое прыгожае разважанне мукі Езуса… Таксама набажэнства Крыжовага шляху. А якія прыгожыя літургічныя тэксты на гэты час прапануе нам Касцёл!  

Яшчэ з практык — гэта больш глыбокая споведзь. Да яе мы можам падрыхтавацца, удзельнічаючы ў парафіяльных рэкалекцыях. Дзякуй Богу, нашы святары пра гэта дбаюць.

Калі б мы не шукалі «экзатычных» спосабаў перажыць Вялікі пост, а пайшлі больш на глыбіню, калі б выкарысталі ўсе прапановы Касцёла, то больш свядома перажывалі б гэты час. Я раю ісці на глыбіню! І вельмі заахвочваю чытаць Слова Божае. Мы павінны чытаць Слова Божае штодня. Яно павінна стаць для нас як ежа. Чаму мы не ямо раз на тыдзень у нядзелю? А слова слухаем раз на тыдзень падчас св. Імшы? Чым корміцца нашая душа ва ўсе іншыя дні? Раю чытаць Слова, разважаць над Ім. Я як католік і хрысціянін — ці прачытаў я Біблію? Слова Божае — гэта фундамент. Ці я маю фундамент? Таксама настольнай кнігай кожнага католіка павінен быць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Таму для духоўнага ўзрастання я прапаную распачаць з гэтых двух кніг.


З нашай парафіянкай і катэхеткай Таццянай Мазун паразмаўлялі пра міласціну і ўчынкі міласэрнасці:

— Гэта дзве справы, якія моцна пераплецены паміж сабою. Калі вымаўляем слова «міласціна», то першая асацыяцыя – гэта бедны чалавек, які сядзіць у пераходзе з працягнутай рукою, і мы як добрыя хрысціяне кідаем яму капеечку і… ідзём далей з пачуццём выкананага абавязку, шкадуючы таго няшчаснага чалавека… Папа Францішак казаў пра гэта так: «Мы не можам атаясамліваць міласціну толькі з манетай, кінутай у спешцы, не гледзячы на асобу, не спыняючыся, каб пагаварыць і зразумець, чаго яна на самай справе патрабуе».

Міласціна — гэта любоў да бліжняга у першую чаргу, а не толькі грошы. Шмат людзей ёсць вакол нас, якім патрэбныя не нашы грошы ці матэрыяльная дапамога, але наша ўвага, наша слова, наш позірк, усмешка, цеплыня. Адныя чакаюць ад нас дапамогі для цела – накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець голых, прыняць у дом падарожнага, адведаць хворага, суцешыць вязня, пахаваць памерлага. Іншым неабходны наш удзел ва ўчынках міласэрнасці для душы — настаўляць грэшнікаў, вучыць тых, хто не ведае, раіць тым, хто сумняваецца, суцяшаць засмучаных, зносіць цярпліва знявагу, дараваць ахвотна крыўду, маліцца за жывых і памерлых.  

Важна не забываць і тое, што кажа нам Хрыстус аб міласціне: «Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах. Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе» (Мц 6, 1-4).

Давайце памятаць словы псальму:

«Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы,
Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне,
Ён душу маю пажыўляе» (Пс 23).

Падрыхтавала Ірына Шаўструк

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.