Дзень 8 студзеня падлеткавы хор Аgape правёў разам.

«Усё пачалося ў капліцы, дзе мы з ксяндзом Алегам маліліся за наш хор на святой Імшы, — распавядае сястра Мар'яна Алешчык CSFN. — Таксама мы папрыбіралі снег каля капліцы, бо нарэшце нам на радасць прыйшла сапраўдная зіма, але сцежка да капліцы аказалася засыпанай. Так што мы зрабілі невялікую, але добрую справу!»

«Пасля супольнай малітвы мы пайшлі ў кіно. Прагляд фільму дадаў нам шмат радасці. А потым мы частаваліся смачнай піцай! Але галоўнае тое, што мы былі разам. Супольна праводзілі час, размаўлялі. Нарэшце, амаль усе добра пазнаёміліся. З-за хваробаў нам цяжка збірацца поўным складам, і гэтым разам, на жаль, не было некалькі чалавек».

«Але гэта яшчэ не ўсё. Нас чакалі горкі! Ксёндз Алег з вялікім задавальненнем катаў нас усіх. У ход ішлі цюбінгі, уласныя курткі і ўсё, на чым можна катацца».

«Дом нашых ксяндзоў быў апошнім пунктам прыпынку. Гарачая духмяная гарбата і вясёлая гульня затрымалі нас да самага вечара!

Гэта быў добры дзень, які Бог даў нам правесці разам. Дзякуй Пану за магчымасць збірацца разам і славіць Яго. Дзякуй кожнаму, з кім мы перажылі гэты дзень».

Рэд. Jan.by

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.