Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем каталіцкім скаўтам за служэнне ў распаўсюджванні Бэтлеемскага агоню "Святла Супакою", не толькі ў нашай парафіі, але і ў шматлікіх паррафіях нашай краіны. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

24 снежня (чацвер)
Святыя Імшы ў гэты дзень:
06.45 – Рараты,
20.00 – Урачыстая Святая Імша з удзелам дзяцей - Пастэрка
21.30 – Урачыстая Святая Імша - Пастэрка
23.00 – Урачыстая Святая Імша – Пастэрка

25 снежня (пятніца) – УРАЧЫСТАСЦЬ НАРАДЖЭННЯ ПАНА ЕЗУСА
Святыя Імшы ў гэты дзень а 9.00, 10.30, 12.00 і 18.00.

26 снежня (субота) – Свята св. Стэфана, першамучаніка
Святы Стэфан быў адным з сямі памочнікаў Апосталаў у Ерусалімскім Касцёле. Паводле Дзеяў Апостальскіх, “поўны ласкі і моцы Духа Святога” абвяшчаў Добрую Навіну з мудрасцю, якой ніхто не мог супрацьстаяць. Першы мучанік, сведчачы сваёй смерццю аб праўдзівасці пасланніцтва Хрыста і Яго навукі, ажыцявіў ідэал дасканалага наследвання Пана. Існуе вялікае падабенства паміж смерццю Пана Езуса і Святога Стэфана: фальшывыя сведкі, смерць за горадам, адданне Езуса і Стэфана Богу Айцу, прабачэнне пераследвальнікам. Культ гэтага святога бярэ свой пачатак з IV стагоддзя. Святая Імша а 19.00.

27 снежня (нядзеля) – СВЯТА СВЯТОЙ СЯМ'І: ЕЗУСА, МАРЫІ І ЮЗАФА і ПАРАФІЯЛЬНАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ СВЯТОГА ЯНА, АПОСТАЛА І ЕВАНГЕЛІСТА
Святы Ян быў любімым вучнем Пана Езуса. Быў сведкам Перамянення Пана і пакутаў у Аліўным Садзе. На Апошняй Вячэры заснуў на грудзях Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Пан Езус аддаў яму ў апеку Сваю Маці. Святы Ян напісаў Евангелле, тры апостальскія лісты і Апакаліпсіс. Згодна з прадказаннем Езуса Хрыста Святы Ян памёр натуральнай смерццю ў сталым узросце. Евангелле Святога Яна, якое дапаўняе іншыя, мае найглыбейшы выклад Божых таямніц. Ва Усходнім Касцёле Святому Яну нададзены тытул тэолага. У хрысціянскім іканапісе сімвалам Святога Яна ёсць арол.

1. Запрашаем на РАРАТЫ ад панядзелка да чацвярга ў 6.45 раніцы.

2. У закрыстыі можна набыць аплаткі на вігілійны стол, каляндары на 2021 год і свечкі Caritas.

3. Запрашаем у аўторак а 12.00 на супольнае прабіранне нашай капліцы на Урачыстасць Божага Нараджэння.

4. Пасля святаў распачынаем Каляду – душпастырскія наведванні парафіянаў. На працягу гэтага перыяду, кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа падаць картку з адрасам. Перад тым, як прыйсці да вас, мы патэлефануем і папярэдзім.

Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.