Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы і прыгатаванне яе да перыяду адвэнту, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

30 лістапада (панядзелак): Свята Святога Андрэя Апостала

Паходзіў з Бэтсаіды (Галілея). Быў братам Сымона-Пятра. Абодва яны былі рыбакамі і жылі ў Капернауме, на беразе Генісарэцкага возера. Згодна з Евангеллем паводле св. Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста, і таму ва ўсходняй традыцыі яго называюць «Першазваным». У сінаптычных Евангеллях апісана сцэна паклікання галілейскіх рыбакоў Андрэя і Пятра, якая адбылася пазней на беразе Генісарэцкага возера, пасля чаго браты ўжо не пакідалі Езуса і паўсюль спадарожнічалі яму. Паводле некаторых звестак, пасля смерці і ўваскрасення Месіі Андрэй скіраваўся на місію ў Грэцыю і Турцыю. 30 лістапада 60 г. у грэцкім горадзе Патрасе ён прыняў мучаніцкую смерць праз укрыжаванне: апостал быў прыбіты да крыжа ў форме літары «Х» — т. зв. крыжа св. Андрэя.

3 снежня (чацвер): Успамін Святога Францішка Ксаверыя, святара.

Святы Францішак – іспанец, пазнаёміўся ў Парыжу са Святым Ігнацыям Лаёлам, заснавальнікам Таварыства Езуса. Пад яго ўплывам стаў адным з яго гарлівых супрацоўнікаў у новым законе. Быў высланы на місію ў Індыю і навярнуў шматлікія паганскія народы. Потым распачаў Евангелізацыю ў Японіі. Меў намер падацца яшчэ і ў Кітай, але Бог яго паклікаў да вечнасці на гары Санцян каля Кантону 3 снежня 1552 года. Надзвычайная апостальская дзейнасць была плёнам яго глубокага ўнутранага жыцця і вернасці духоўным практыкаванням. Святы Францішак Ксаверый з’яўляецца апекуном каталіцкіх місій.

1. На гэтым тыдні прыпадаюць:

  • Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
  • Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса.
  • Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.
  • Таксама запрашаем на ўсяночную адарацыя ў інтэнцыі абароны жыцця і сям'і. Адарацыя пачнецца пасля святой Імшы на 19.00 і працягнецца да 8-й гадзіны раніцы.
  • Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
  • Першая нядзеля месяца – а 13.30 св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

Інтэнцыя жывога ружанца на снежань: Каб час Адвэнту і Божага Нараджэння быў часам нашага навяртання да Езуса і духоўнага адраджэння нашых сем'яў.

2. Сёння мы распачалі час Адвэнту – час чакання на Прыйсце Пана, час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Памятаем, што гэта час посту. На Адвэнт прынята рабіць пастановы. Заахвочваем таксама і вас прыняць на сябе постныя пастановы. Пастараймася напрацягу гэтага перыяда больш засяродзіцца над справамі нашага духоўнага жыцця. Належыць абмежаваць наш удзел у гучных забавах.

3. Згодна са старадаўняй традыцыяй у нашай парафіі будуць адбывацца ранішнія Святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас запрашаем на РАРАТЫ ад панядзелку да пятніцы ў 6.45 раніцы.

4. У закрыстыі можна набыць аплаткі на вігілійны стол.

5. Кожны аўторак у капліцы а 19.00 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.