Шчыры дзякую ўсім за супольную малітву і вашыя ахвяры. Асаблівым чынам дзякую за падрыхтаванне нашай капліцы да надзельнай святой Імшы, за прыбіранне і ўпрыгожванне. Дзякую ўсім тым, хто ахвяраваў кветкі да нашай капліцы.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:


  • 3 верасня (панядзелак) Cвяты Грыгорый Вялікі, папа і доктар Касцёла

Нарадзіўся ў Рыме ў 540 г. у знакамітай сенатарскай сям’і і ва ўзросце 32 гадоў стаў прэфектам Вечнага Горада. Праз нейкі час ён пакінуў пасаду і ўступіў у кляштар, заснаваны ў яго радавым палацы. У саракагадовым узросце прыняў пасвячэнне дыяканату з рук Папы Пелагія ІІ і на працягу сямі гадоў выконваў абавязкі нунцыя пры двары цэзара ў Канстанцінопалі. У 590 г. Грыгорый быў выбраны Папам. Падчас яго пантыфікату да Касцёла былі далучаныя тры вялікія народы: прынялі хрысціянства англічане, а таксама былі навернутыя з арыянскай ерасі лангабарды і іспанцы.

Грыгорый выкарыстоўваў касцёльныя сродкі на дабрачынную дзейнасць. Яго асаблівы клопат пра сацыяльныя справы стаў характэрнаю рысаю яго душпастырства і прыкладам для ўсіх наступных Папаў. Грыгорый напісаў шмат тэалагічных працаў, а яго Маральная тэалогія паўплывала на ўсю эпоху Сярэднявечча. Некаторыя гаміліі Грыгорыя ўвайшлі і ў сучасны брэвіярый. Грыгорый І памёр 12 сакавіка 604 г. у Рыме і быў пахаваны ў базыліцы св. Пятра. За ім замацавалася слава дасканалага пантыфіка, а таксама найменне «Вялікі», якое далі яму нашчадкі. Святы Грыгорый Вялікі з’яўляецца адным з чатырох заходніх Айцоў Касцёла і лічыцца апекуном музыкантаў, спевакоў і харыстаў, а таксама касцёльных школаў.


  • 8 верасня (субота) свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі 
  • На гэтым тыдні абыходзім першы чацверг і першую пятніцу месяца. Падчас якіх у чацверг молімся ў інтенцыі пакліканя да святарскага і законнага жыцця, а ў пятніцу молімся да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (Споведзь).
  • Сардэчна запрашаем усіх парафіян і гасцей прыняць удзел у святой Імшы, 3 верасня (панядзелак), а 19 гадз. падчас, якой афіцыйна прыме на сябе абавязкі пробашча нашай парафіі а. Міраслаў Міклашэвіч. (францішканін)




Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.