Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

21 вераcня (панядзелак): свята св. Мацвея, апостала і евангеліста

У Евангеллі сам Мацвей так апісвае сваё пакліканне: «Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім». Гэтае Евангелле з’явілася каля 41 – 42 гг. і, паводле старажытных сведчанняў і заключэння Біблейскай камісіі, было напісана на габрэйскай мове.

Да паклікання ў супольнасць апосталаў Мацвей быў мытнікам у Капернауме, горадзе, які знаходзіўся на заходнім беразе Генісарэцкага возера. Ён меў таксама і другое імя — Левій. Згодна з традыцыяй, пасля ўнебаўшэсця Хрыста Мацвей каля 42 г. пакінуў Палестыну і накіраваўся абвяшчаць Евангелле ў Егіпце і Эфіопіі. Там ім былі здзейсненыя шматлікія аздараўленні. Не захавалася звестак пра тое, дзе і пры якіх абставінах загінуў апостал, але ўжо першыя хрысціяне ўшаноўвалі яго як мучаніка.

Святы Мацвей з’яўляецца апекуном мытнікаў і банкіраў, а таксама ратуе ад алкагалізму.

23 верасня (серада): успамін Святога Піа з Петрэльчыны

Франчэско Фарджонэ — будучы падрэ Піо — нарадзіўся 25 мая 1887 г. у П’етрэльчыне (Паўднёвая Італія). У шаснаццацігадовым узросце ўступіў у закон капуцынаў і праз сем гадоў прыняў святарскае пасвячэнне. У 28 гадоў айцец Піо атрымаў стыгматы — раны, як у Езуса Хрыста, што прычынялі яму нясцерпны боль. З-за накладзеных на яго абмежаванняў падрэ Піо прысвяціў сябе паглыбленаму духоўнаму жыццю, асабліва культу Эўхарыстыі, Мукі Пана і Маці Божай Балеснай, а таксама апостальству споведзі. Перад яго канфесіяналам у касцёле кляштара Сан Джаванні Ратондо выстройваліся вялікія чэргі тых, хто хацеў у яго спавядацца.

  1. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу.
  2. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара.
  3. Запрашаем новых кандыдатаў у дзіцячы і моладзевы музычны гурт.
  4. Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да каталіцкіх скаўтаў.
  5. 24 верасня ў мінскай архікатэдры адбудзецца благаслаўленне моладзі і студэнтаў на новы навучальны год. Сустрэча пройдзе пад назвай “Выйдзі на сувязь з Касцёлам”.

Усім добра вядома, што ў Мінск прыязджае шмат моладзі на вучобу. Маем прагненне дапамагчы ім знайсці добрыя моладзевыя супольнасці, каб не згубіць кантакт з Богам і Касцёлам. Таму прапануем правесці гэтае спатканне разам, каб праз супольнае дзяленне моладзь змагла пазнаць супольнасці і далучыцца да іх. Пачатак а 18.30.

Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.