Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

11 чэрвеня (чацвер) – УРАЧЫСТАСЦЬ НАЙСВЯЦЕЙШАГА ЦЕЛА І КРЫВІ ХРЫСТА

Абавязковае свята. Святыя Імша а 12.00 і 19.00.

13 чэрвеня (субота) - Успамін св. Антонія з Падуі

Нарадзіўся ён ў 1195 г. у Лісабоне (Партугалія) і на хросце атрымаў імя Фернандо. Ва ўзросце 15 гадоў уступіў у ордэн аўгустынцаў-эрэмітаў у Каімбры і там прыняў святарскае пасвячэнне. Моцна ўражаны мучаніцтвам пяці францішканцаў, забітых мусульманамі, вырашае сам стаць францішканцам. Уступіўшы ў закон Меншых Братоў, прыняў імя Антоній. Спачатку ён выехаў на місію ў Марока, але з-за слабога здароўя мусіў неўзабаве вярнуцца.

Па дарозе дадому ў выніку караблекрушэння застаўся ў Італіі. Там у Антонія выявіліся вялікія прамоўніцкія здольнасці, і яго накіравалі ў Паўночную Італію, дзе дзякуючы сваім казанням ён хутка стаў папулярным. Аднойчы паслухаць яго сабралася каля 30 тысяч чалавек! Пэўны час святы правёў у Францыі, а пасля вяртання ў Італію пасяліўся ў Падуі. Святы Францішак прызначыў яго першым настаўнікам тэалогіі для Меншых Братоў, настаўнікам францішканцаў.

Антоній памёр 13 чэрвеня 1231 г. і менш чым праз год быў кананізаваны. Рэліквіі святога Антонія знаходзяцца ў прысвечанай яму базыліцы ў Падуі, дзе адбываецца так шмат цудаў, што святы Бонавентура нават аднойчы сказаў: «Калі шукаеш цудаў, ідзі да Антонія». Ягоныя выявы - вобраза і фігуры зняходзяцца амаль у кожным касцёле і капліцах ва ўсім свеце.

1. Праз увесь месяц чэрвень штодня ў капліцы а 18.00 будзе адбывацца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і “Чэрвеньскае набажэнства” на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У нядзелю перад св. Імшой а 19 гадзіне.

2. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

3. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.