Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

23 красавіка (чацвер): Успамін Святога Юрыя, мучаніка.

Паводле падання, Святы Юрый быў рымскім воінам, які паходзіў з Лідзіі і быў хрысціянінам. Каля 300 г. ён уступіў у войска цэзара Дыяклетыяна і дасягнуў вялікіх поспехаў у службе. Аднак з-за сваёй веры ў Хрыста быў арыштаваны і аддадзены на катаванні. Ён прыняў мучаніцкую смерць у Нікамедыі (па іншых звестках — у Кападокіі) паміж 304 і 305 гг.

Святы Юрый быў надзвычай папулярны таксама і на нашых землях і асабліва ўшаноўваўся земляробамі. На свята ў яго гонар прыгонным сялянам дазвалялася змяняць гаспадароў. Выява святога Юрыя, які паражае цмока, — адзін з самых папулярных сюжэтаў у іканапісе і сакральнай скульптуры.

У гэты дзень Папа Францішак і біскуп Юрый Касабуцкі святкуюць свае імяніны.

25 красавіка (субота): СВЯТА СВ. МАРКА, ЕВАНГЕЛІСТА.

Ян, празваны Маркам, быў вучнем і перакладчыкам святога апостала Пятра, які называў яго «сваім сынам». Святы Марк з’яўляецца аўтарам другога Евангелля, найкарацейшага з чатырох. Мяркуюць, што Марк напісаў яго па просьбе Пятра і з яго словаў. Паводле Новага Запавету, Марк быў сынам Марыі з Ерузалему, у доме якой рэгулярна збіраліся першыя хрысціяне. Марк спадарожнічаў Паўлу і свайму сваяку Барнабу ў першых місіянерскіх падарожжах у Антыёхію, а затым дапамагаў Паўлу падчас яго зняволення ў Рыме.

Яго рэліквіі знаходзяцца ў катэдры Сан Марка ў Венецыі, апекуном якой ён з’яўляецца. Сімвал евангеліста – леў. Праз яго заступніцтва просяць добрага надвор’я і спрыяльных дажджоў.

1.Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

2. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.