Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы і падрыхтоўку тэрыторыі вакол капліцы на Вялікі тыдзень, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем нашым парафіянам якія падрыхтавалі для нас з вамі прыгожыя вербы. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

ВЯЛІКІ ЧАЦВЕР – ІМША ВЯЧЭРЫ ПАНА (9 КРАСАВІКА)

Літургія Вялікага чацвярга нагадвае Апошнюю Вячэру, калі Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і Святарства.

Імша Святая Вячэры Панскай распачнецца ў 19.00 (транслюецца анлайн).

Пасля Імшы адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цямніцы да 22.00.

ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА МУКІ ПАНА (10 КРАСАВІКА)

У гэты дзень, а таксама ў наступны, згодна са старадаўняй традыцыяй, Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамэнтаў, акрамя пакаяння (споведзь) і намашчэння хворых. У другой палове дня цэлебруецца літургія Мукі Пана, цэнтральнай часткай якой з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. Пасля адарацыі і святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу.

У 18.30 Крыжовы шлях (транслюецца анлайн).

19.00 — літургія Мукі Пана і адарацыя крыжа (транслюецца анлайн). На заканчэнне адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту пры Гробе Пана да 22.00.

Вялікая Пятніца – дзень сціслага посту. 

ВЯЛІКАЯ СУБОТА (11 КРАСАВІКА)

У Вялікую суботу Касцёл прабывае каля Гробу Пана, разважае пра муку і смерць Хрыста, Яго сыходжанне у адхлань (месца знаходжання памерлых, куды, згодна са Святым Пісаннем, сышоў Езус Хрыстус перш, чым уваскрэснуць), у малітве і посце чакае Яго ўваскрасення. У гэты дзень не цэлебруецца святая Імша.

Капліца будзе адчынена ў 9.00 і распачнецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Асвячэнне страваў (звонку капліцы) на Вялікодны стол будзе адбывацца з 9.00 да 17.00 кожныя паўгадзіны.

Пасхальная Вігілія з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. У ноч з суботы на нядзелю паводле найстаражытнейшай традыцыі адбываецца чуванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана. Адзначэнне Пасхальнай Вігіліі — гэта ўжо святкаванне Вялікадня.

Пасхальная Вігілія распачнецца а 21.00 (транслюецца анлайн).

На гэтую ўрачыстую Святую Імшу калі ласка вазміце з сабою свечкі.

Пасля Пасхальнай Вігіліі - чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту праз усю ноч.

ВЯЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ – УРАЧЫСТАСЦЬ ЗМЁРТВЫХПАЎСТАННЯ ПАНА (12 КРАСАВІКА)

Урачыстая працэсія і Святая Імша РЭЗУРЭКЦЫЙНАЯ ў 6.00 (транслюецца анлайн).

10.30, 12.00 (транслюецца анлайн) і 13.30 — урачыстая святая Імша

ВЕЛІКОДНЫ ПАНЯДЗЕЛАК (13 КРАСАВІКА)

12.00, 19.00 — святая Імша

 

1. Усе цэлебрацыі Пасхальнага трыдуума і Вялікадня будуць адбывацца звонку капліцы, г.з. на вуліцы на адкрытым паветры.

2. Сённяшнія ахвяраванні прызначаюцца на патрэбы духоўнай семінарыі.

3. У панядзелак, аўторак і сераду можна скарыстаць з Сакрамэнту Пакуты перад кожнай Святой Імшой, а таксама пасля св. Імшы.

4. Можна складаць ахвяраванні на кветкі да спецыяльнай скарбонкі.

5. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

6. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.