Шчыры дзякую ўсім за супольную малітву і вашыя ахвяры. Асаблівым чынам хацеў бы падзякаваць усім тым хто прычыняецца да таго каб наша каплічка заўсёды была прыбранна і ўпрыгожанна. 

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

31 ліпеня (аўторак) Святы Ігнацый Лаёла, святар

Ігнацый (Ініго дэ Рэкальдэ дэ Лаёла) нарадзіўся ў 1491 г. у радавым замку Лаёлаў у іспанскай краіне Баскаў і быў самым малодшым з трынаццаці братоў і сясцёр. У маладосці ён быў афіцэрам у войску аднаго з іспанскіх магнатаў і вёў разгульнае жыццё. У 1521 г. падчас аблогі Памплоны французскімі войскамі Ігнацый быў цяжка паранены. Падчас доўгага лячэння яму ў рукі трапіла кніга Людольфа Саксонскага «Жыццё Хрыста», якая глыбока ўразіла Ігнацыя і дапамагла зразумець усю нікчэмнасць яго існавання. Пасля выздараўлення ён пэўны час жыў у пакаянні як пустэльнік і тады напісаў свае славутыя «Духоўныя практыкаванні».

У гэты ж час у яго з’яўляецца містычны вопыт. Ён ажыццяўляе паломніцтва ў Святую Зямлю, а пасля гэтага распачынае вучобу. У 1534 г. на Манмартры ў Парыжы Ігнацый разам са сваімі аднадумцамі, сярод якіх былі св. Францішак Ксавэрый і св. Пётр Фабэр, складае вечныя шлюбы, а праз тры гады ў Італіі прымае святарскае пасвячэнне. Разам з паплечнікамі ён накіроўваецца ў Рым, каб аддаць сябе ў поўнае распараджэннне Святому Айцу.

У 1540 г. Папа Павел ІІІ зацвердзіў апрацаваную Ігнацыем канстытуцыю законнай супольнасці, і з гэтага моманту пачало існаваць Таварыства Езуса — ордэн езуітаў. Ігнацый Лаёла памёр у Рыме 31 ліпеня 1556 г. пасля пятнаццаці гадоў плённага кіравання Таварыствам, якое з цягам часу набыло надзвычай вялікае значэнне для ўсяго Касцёла, заняўшы вядучыя пазіцыі ў навуцы, выхаванні і місіянерскай дзейнасці. Святы — апякун духоўных кіраўнікоў, удзельнікаў духоўных практыкаванняў (рэкалекцый) і вайскоўцаў; ён абараняе ад нападаў д’ябла і згрызотаў сумлення.

1 жніўня (серада) Святы Альфонс Марыя Лігуоры, біскуп і доктар Касцёла

Нарадзіўся 27 верасня 1696 г. у прадмесці Неапаля ў Італіі. У 16-гадовым узросце атрымаў тытул доктара права і на працягу 10-ці гадоў працаваў адвакатам. Расчараваўшыся ў адвакацкай дзейнасці, вырашыў распачаць новае жыццё і ў 1726 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Напачатку Альфонс займаўся місіянерскай дзейнасцю сярод вясковага насельніцтва ў ваколіцах Неапаля. У 1732 г. заснаваў манаскую супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля — ордэн рэдэмптарыстаў, мэтаю якога стала абвяшчэнне Евангелля духоўна занядбаным і бедным з дапамогаю місій і рэкалекцый.

Простыя людзі вельмі любілі і паважалі Альфонса, які быў добрым прапаведнікам і спаведнікам. У 1762 г. Папа прызначыў яго біскупам адной невялікай дыяцэзіі непадалёк ад Неапаля. Альфонс Марыя Лігуоры памёр 1 красавіка 1787 г. Сярод яго шматлікіх твораў найбольш вядомымі сталі «Маральная тэалогія» і «Homo apostolicus» («Апостальскі чалавек»). Святы з’яўляецца апекуном спаведнікаў, духоўных кіраўнікоў і тэолагаў

4 жніўня (субота) Святы Ян Марыя Віянэй, святар

Нарадзіўся 8 мая 1786 г. у сям’і бедных французскіх сялянаў. Яго маладосць праходзіла ў гады французскай рэвалюцыі, калі Касцёл у Францыі пакутаваў ад жорсткага пераследу, але Ян патаемна наведваў заняткі па рэлігіі і прыняў першую святую Камунію. Спачатку яго жаданне стаць святаром не магло здзейсніцца з-за малых поспехаў у вучобе. З вялікімі цяжкасцямі Яну Віянэю ўдалося атрымаць святарскае пасвячэнне, і ён быў прызначаны пробашчам у Арс непадалёк ад Ліёна. 

Сваім адданым служэннем ён пераадолеў рэлігійную абыякавасць мясцовых жыхароў і стварыў квітнеючую парафіяльную супольнасць. Ян Марыя засноўваў школы, таварыствы, дзіцячыя дамы і цалкам прысвячаў сябе душпастырскай працы. Ён мала спаў, амаль нічога не еў, увесь дзень праводзіў у касцёле і спавядаў да позняй ночы. У Арс прыязджала ўсё больш людзей, якія хацелі атрымаць ад яго тую ці іншую параду. Ян Віянэй памёр 4 жніўня 1859 г. Яго цела спачывае ў базыліцы, пабудаванай над старым касцёлам у Арсе. Святы з’яўляецца апекуном пробашчаў



Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.