Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

4 сакавіка (серада) успамін св. Казіміра

Сын польскага караля Казіміра Ягелончыка і каралевы Альжбеты, нарадзіўся 3 кастрычніка 1458 г. у Вавельскім замку, што ў Кракаве. Яго выхавацелем быў гісторык і кракаўскі катэдральны канонік Ян Длугаш. Казімір рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці, але разам з тым вылучаўся надзвычайнай пабожнасцю. Ён штодзённа ўдзельнічаў у святой Імшы, шмат маліўся, здзяйсняў учынкі міласэрнасці.

Казімір выклікаў вялікую прыхільнасць ва ўсіх, хто яго ведаў. Памёр ад сухотаў 4 сакавіка 1484 г. у Гродне. Яго рэліквіі знаходзяцца ў віленскай катэдры. У 1602 г. Папа Клімент VIII кананізаваў яго, а ў 1950 г. Папа Пій XII абвясціў яго апекуном літоўскай моладзі. Святы з’яўляецца дадатковым апекуном Гродзенскай дыяцэзіі.

1. На гэтым тыдні прыпадаюць:

Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця. Запрашаем ЛСА разам з бацькамі на супольную малітву.

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі

2. У нашай капліцы ў часе посту будуць адбывацца пакутныя набажэнствы: Крыжовы шлях – у пятніцу а 10.30 і а 19.00 гадзіне; Песні Жальбы - нядзеля перад Св. Імшой на 12.00 (у 11.45).

Падчас посту ў пятніцу Святая Імша а 7.00 і пасля Крыжовага шляху а 10.30.

3. Працягваем душпастырскія наведванні парафіянаў. Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць.

4. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

5. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.