Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

21 студзеня – (аўторак) успамін св. Агнешкі, панны і мучаніцы
Была зусім маладой дзяўчынай, калі ў другой палове ІІІ ст. прыняла ў Рыме мучаніцкую смерць за веру, прагнучы захаваць чыстасць. Папа Дамас ушанаваў яе песняй, а многія Айцы Касцёла праслаўлялі яе як прыклад хрысціянскіх цнотаў. Паводле старажытнага звычаю, у гэты дзень Папа пасвячае двух ягнятаў (agnus лац. — ягнё), з воўны якіх робіцца палій — знак улады арцыбіскупа.

У гэты дзень асабліва молімся за с. Агнешку з нагоды імянінаў.

24 студзеня – (пятніца) успамін св. Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла
Жыў у 1567 – 1622 гг., быў біскупам Жэневы. З’яўляецца аўтарам вядомай кнігі «Філатэя, або шлях да рэлігійнага жыцця». Заахвочваў свецкіх людзей да святасці, а таксама актыўна палемізаваў з кальвіністамі, спрыяючы адраджэнню каталіцтва ў сваёй айчыне. Захавалася каля 2100 яго лістоў, што сваім тэалагічна-аскетычным зместам уяўляюць вялікую каштоўнасць.
Разам са св. Жаннай Франсуазай дэ Шанталь заснаваў жаночы закон Адведзінаў НПМ. Памёр у Ліёне, быў пахаваны ў касцёле Наведзінаў НПМ у Анэсі. Св. Францішак быў папярэднікам сучаснага душпастырства і стварыў новую школу духоўнасці. У 1923 г. Папа Пій ХІ абвясціў святога апекуном каталіцкай прэсы.

25 студзеня – (субота) свята навяртання св. Паўла апостала
Навяртанне святога Паўла з’яўляецца адной з найважнейшых падзей у Касцёле. Саўл клапатлівы фарысей і пераследавацель Касцёла, па прычыне аб’яўлення яму Хрыста Уваскрослага каля брам Дамаска, стаў не толькі Яго вучнем, але і прысвяціў усё сваё жыццё распаўсюджванню Евангелля; вывеў Касцёл з абмежаванасці юдэйскай супольнасцю і прынёс святло Евангелля ў Еўропу, стаўшыся Апосталам Народаў.

1. Паводле традыцыі ў паслякалядным часе адбываецца душпастырская візітацыя нашых сем’яў - каляда. Картачкі з адрасам, калі ласка аддаваць да закрыстыі. Перад тым, як прыйсці да вас мы спачатку патэлефануем.
Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць.

2. З 18 па 25 студзеня ў хрысціянскіх Цэрквах праходзіць Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян.

3. З нагоды успаміну св. Францішка Сальскага, які з’яўляецца апекуном каталіцкай прэсы, прадстаўнікі нашай каманды „jan.by” скіруюуць да нас пару слоў аб важнасці каталіцкіх СМІ ў свеце і збяруць ахвяраванні на СМІ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

4. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.