Сённяшняя нядзеля – Хросту Пана распачынае звычайны перыяд літургічнага году. Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем за складзеныя ахвяры на будову касцёла. Асаблівым чынам дзякуем за ўдзел у “парафіяльным калядаванні”. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

17 студзеня (пятніца) успамін св. Антонія, абата
Жыў у ІІІ стагоддзі ў Егіпце. Паходзіў з багатай сям’і, але раздаў сваю маёмасць бедным і пасяліўся ў пустыні. Праз пэўны час да яго пачалі далучацца іншыя пустэльнікі. Разам са святым Паўлам Пустэльнікам распачаў арганізацыю манаскага жыцця на Усходзе. Памёр, маючы сто гадоў, перад смерцю наказаўшы вучням пахаваць яго таемна, каб пазбегнуць пасмяротнай агалоскі, аднак адразу пасля смерці яго пачалі называць «Вялікім».

1. Паводле традыцыі ў паслякалядным часе адбываецца душпастырская візітацыя сем’яў - каляда. Картачкі з адрасам можна прыносіць ў закрыстыю. Перад тым, як прыйсці да вас, мы спачатку патэлефануем.

Падрыхтавацца да гэтага візіту належыць наступным чынам:
• Пажадана (па меры магчымасці), каб уся сям’я была дома.
• У адпаведным пакоі павінен быць падрыхтаваны стол, на якім будзе стаяць крыж альбо абраз, запаленая свечка, а таксама асвечаная вада.
• У часе візіту належыць выключыць тэлевізар, кампутар і іншыя аўдыё і відэа прылады.
Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць.

2. Пасля вакацыйнага адпачынку працягваюцца катэхэтычныя заняткі. Просьба да бацькоў паклапаціцца аб прысутнасці дзяцей на гэтых занятках.

3. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.