Найвышэйшы, слаўны Божа,* асвяцi цемру сэрца майго,* дай мне Пане сапраўдную веру,* ясную надзею i дасканалую любоў,* глыбокую пакору,* разуменне i пазнанне,* каб я мог споўнiць Тваю праўдзiвую i святую волю. Амэн.
св. Францiшак: Малiтва перад Круцыфiксам
ПЕРАД ТАБОЮ Ў ЗНАКУ КРЫЖА
Сапраўды можна сказаць, што гэтая ікона Укрыжаванага, адна з самых распаўсюджаных. Сваю вядомасць яна набыла дзякуючы гісторыі св. Францішка і набожнасці з якой францішкане распаўсюдзілі гэты вобраз па ўсім свеце.
Гэты вобраз невядомага мастака, натхнёны сірыйскай манаскай традыцыяй, належыць да цэлай серыі крыжоў-іконаў напісаных на дрэве і тыповых для канца ХІІ стагодзя.
Мастак прапануе малітве і сузіранню веруючых вобраз Хрыста трыумфуючага, укрыжаванага але жывога і праслаўленага. Усе найменшыя элементы вобраза, дабраныя колеры і асаблівасці дызайна, персанажы і розныя прадстаўленыя сцэны утрымліваюць у сабе глыбокі рэлігійны сэнс: пэўнае “адкрыццё”, якое, магчыма, для нас незразумелае, але з пэўнасцю было блізкае і яснае для хрысціянаў той эпохі, якія звыкліся “чытаць” Божыя таямніцы, выяўленыя і перадаваныя ў прыгажосці хрысціянскіх мастацкіх твораў, ва ўсёй сваёй поўні прапітаных Святым Пісаннем і літургічнай малітвай.
Св. Францішак з Асізі ўсё сваё жыццё перажыў пад знакам Крыжа. Яго навяртанне распачалося перад вобразам Крыжа св. Даміяна і два гады да смерці ён атрымаў на сваім целе знакі Пакутаў Пана. Пазначаны стыгматамі ў душы і на целе Францішак складае “Гімн Найвышэйшаму Богу” - цудоўную малітву праслаўлення і падзякі.
Размаўляючы з Богам, выражае ўсю глыбіню пачуццяў сваёй закаханай душы, пералічваючы цудоўныя цноты (характэрыстыкі), які адкрыў у таямніцы Нябеснага Айца. Сярод іншых пахвал спявае: “ТЫ ПРЫГАЖОСЦЬ…”.
Паспрабуйма ж і мы, як Францішак, чытаць Божыя таямніцы, скрытыя ў прыгажосці гэтага старадаўняга хрысціянскага вобраза: мастацкага твору, які утрымлівае ў сабе і перадае нам адзіную ПРЫГАЖОСЦЬ, якая збавіць свет.
Мы становімся тым, што сузіраем…
Ікона – гэта вельмі спецыфічны мастацкі твор. Праз стылі і сімвалы, праз колеры і іх адцені, яна перадае Божыя таямніцы, моманты з жыцця Езуса Хрыста альбо святых.
Як Біблія перадае Божыя словы праз слова чалвечае, так і ікона з’яўляецца сховішчам боскіх скарбаў, каштоўных і запячатаных, якія можна адкрыць і сузіраць толькі з набожнасцю, здзіўленнем і пашанаваннем. Касцёл прымае і ўшаноўвае святыя абразы, бо ў іх распазнае пэўную “прыладу” праз якую нам перадаюцца справы Божыя, сімволіка якіх прамаўляе ўпрост да чалавечага сэрца і розуму, праз знешнія знакі, прыняць якія здольна чалавечае вока.
Крыж Уваскрасення
Гэтая ікона прадстаўляе Пана Езуса, грандыёзная постаць якога аймае большую частку вобраза. Ён, як гаворыць надпіс над Яго галавой, ёсць IHS NAZARE REX IUDEORUM (Езус Назаранін Кароль Юдэйскі). На іконе Ён прадстаўлены ў момант кульмінацыі сваёй гісторыі: Пасха Яго Смерці і Уваскрасення.
Пасланне апостала Паўла да Філіпійцаў 2.6
Вобраз прадстаўлены тут паказвае так званага “Christus triumphans” (Хрыста трыумфуючага), тыповы для пазнейшага раманскага мастацтва, распаўсюджанага да канца ХІІ ст. На крыжы няма апаўшага, скатаванага цела Езуса, але ёсць ва ўсёй сваёй велічы наш Збаўца і наш Кароль, жывы і праслаўлены.
Дабраныя для напісання крыжа колеры, прадстаўляюць сабой увесь таямнічы і драматычны кантраст: чорны фон крыжа (напамін аб смерці) здамінаваны жывою чырванню, сімвалам жыцця і любові.
Сама ікона заключана ў залатое абрамленне, урачыстую пячатку святла і славы, дапоўненную выразным каштоўным арнаментам, старажытным сімвалам вечнасці і каштоўнай прыгажосці.
Цела Езуса
Цела Ўкрыжаванага яснее на ўсім вобразе.
Фігура Езуса падцягнутая, без усялякіх адзнакаў расслаблення членаў у выніку пакутаў і смерці. Гэтая розніца вобразаў Езуса, будзе заўважнай пазней у выяўленні “Christus pathiens” (Хрыстус церпячы), якое пачне распаўсюджвацца пасля Францішка, пачынаючы з першай паловы ХІІІ ст.
Распасцёртыя, крыху паднятыя і сагнутыя рукі выяўляюць сабой акт поўнай аддачы і поўнага прыняцця ў адносінах з Айцом і ў адносінах з людзьмі. Гэта момант найвышэйшай свабоды і любові.
Евангелле паводле Яна 15. 13
Евангелле паводле Мацьвея 11.28
І яшчэ адна цікавая дэталь: цела Езуса прадстаўлена ў лёгкім выгібе тулава і здаецца наследуе рухі танца, як быццам бы хацеў вызваліцца ў лёгкасць уздымаючыся над зямлёй, прасцёрты з усёй рашучасцю ў бок неба. Танец, які вызваляе Яго палёт з путаў смерці. Ад цвікоў, якія ўжо не ў стане трымаць яго прыбітым да крыжа.
Карона хвалы
Вялікі аўрэол, змешчаны вакол галавы Езуса задае тон усяму вобразу і толькі ў яго святле мы можам зразумець сапраўднае значэнне гэтай іконы.
Ганебны і балючы вянок з церняў, які жаўнеры для жарту і здзеку ўсклалі на галаву Езуса тут заменены каронаю хвалы. Гэтая хвала з’яўляецца сэнсам і выкананнем усёй Мукі Хрыста.
Таксама і залаты крыж упісаны ў сам аўрэол, адкрывае непадзельную сувязь, якая існуе паміж смерцю і жыццём, пакутаю і хвалою. Укрыжаваны Езус праслаўлены, аднак Ён назаўжды нясе з сабою знакі сваёй пакуты.
Твар і вочы Езуса
Сузіраючы аблічча Езуса, можам заўважыць цалкавітае супакаенне: церпячае і паважнае, лагоднае і яснае.
Упарадкаваныя валасы аблягаюць увесь твар і лагодна ападаюць на плечы, дадаючы паставе Езуса спакойнай прыгажосці і высакароднасці.
Шырока адкрытыя вочы, перадаюць глыбокі позірк і ўказваюць, што Езус жывы і прысутны, дадае адвагі і надзею тым, хто ўглядаецца ў Яго аблічча, слухае Яго.
Адкрыццё св. Яна 1.17
Акрамя гэтага, вочы на іконе крыху павялічаныя, нават непрапарцыянальныя. Такім чынам паказваюць, што Езус не толькі ТОЙ ХТО ЖЫВЕ, але і ТОЙ ХТО БАЧЫЦЬ, той, хто няспынна ўглядаецца ў Айца, недасяжнага Бога і ў той самы час пазірае на нас, бедных грэшнікаў.
Евангелле паводле Яна 17. 21
Позірк Езуса заўсёды звернуты на кожнага з нас. Ён спаглядае на нас з увагаю і назірае за намі з лагоднасцю, як добры пастыр назірае за сваім статкам. Ён кожную авечку ведае па імені і клапоціцца аб кожнай, беручы на плечы свае параненую даглядаючы яе, і шукаючы тую, якая згубілася.
Вопратка Езуса
На іконе Езус аголены і толькі невялікая апаяска прыкрывае Ягоныя бёдры. У сваёй скрайняй беднасці гэтая вопратка з’яўляецца каштоўнай: гэта белае сукно, абшытае золатам і старанна падвязанае. Яна вельмі выразна нагадвае “эфод”, адмысловае адзенне першасвятара, якое ён апранаў перад тым, як наблізіцца да алтара, каб скласці ахвяру і выпрошваць міласэрнасць Найвышэйшага для ўсяго народу.
Тут, на крыжы, нам прадстаўлены Езус, як новы Першасвятар і ў той жа час, як Ахвяра святога ахвярапрынашэння. На крыжы, новым алтары Божым, Езус становіцца сапраўдным Пасрэднікам паміж Богам і людзьмі, і ахвяруе сябе, сапраўднае Беззаганнае Ягня, для перапрашэння за нашыя грахі.
І яшчэ адна асаблівасць: у дні свята, святар ва ўрачыстых святых адзеннях, выконваў рытуальны танец перад тронам Найвышэйшага, закрыўшыся ў самым святым месцы святыні - Святая Святых. Дзень Пасхі, гэта сапраўды самая вялікая ўрачыстасць, гэта дзень нашага адкуплення і Езус, апрануты ў святую веліч сваёй беднасці і сваёй боскасці, выконвае свой танец на новым троне Бога, на Крыжы.
Раны
Крыж святога Дам'яна
Раны на руках, на нагах і ў баку вельмі моцна падкрэслены вялікімі чорнымі дзіркамі, з якіх шчодра струменіць кроў. Гэта каштоўныя крыніца, выразнага чырвонага колеру, выцякае моцным струменем на тых, хто стаіць побач з крыжам. Як кажа святы Пётр у Першым Пасланні: “У Ягоных ранах, мы ўсе былі ацаленыя”. (1 Пётр 2.24).
Францішак вельмі моцна ўшаноўваў святыя раны Хрыста і прасіў каб Езус дазволіў яму стаць удзельнікам Ягоных пакутаў. Гэта просьба была выслухана і за два гады перад смерцю, ў верасні 1224 года на гары Ля Вэрна, Францішак атрымаў на сваім целе святыя стыгматы Хрыста.
Ўнебаўшэсце
Медальён, змешчаны ў найвышэйшай частцы іконы. Над галавою Езуса Хрыста, прадстаўляе нам сцэну Ўнебаўшэсця. Гэтая падзея з’яўляецца выкананнем Пасхі: Укрыжаваны ўваскрослы ўваходзіць у нябесну хвалу Айца і рыхтуе месца сваім, як і абяцаў падчас Апошняй Вячэры.
Евангелле паводле Яна 14. 3
Гэтае месца і гэтую радасць ніхто і ніколі не здолее ў нас забраць.
Кола, гэта сімвал дасканаласці, яно з чорным абрамленнем і з чырвонай сярэдзінай, падкрэслівае постаць Езуса, выяўленага ва ўсёй сваёй моцы. Ён апрануты ў каштоўную каралеўскую вопратку і ў руцэ трымае скіпетр у форме крыжа, новая эмблема Яго перамогі. Езус парушаецца з дынамічнай лёгкасцю і выходзіць па-за абмежаваную прастору кола. Позірк на ясным абліччы прасціраецца ў далечыню, а правая рука скіраваная ў вышыню, у тое пэўнае месца, куды накіроўваюцца Ягоныя крокі.
У гэтай сцэне здзіўляе дынамізм, усё: ногі, рукі, пальцы далоняў, вочы, вопратка знаходзіцца ў руху. Усё гаворыць пра жыццё і пра перамогу, усё запрашае да вечнай урачыстасці, усё выражае надзею, дадае адвагі ў пакорным чаканні таго, што маецца надысці.
Далонь з вышыні: вернасць Айца
У найвышэйшай кропцы крыжа, ў паўколе адкрытым бясконцасці ў вышыню, змешчана далонь. Гэта благаслаўляючая далонь Айца.
Айцец заўсёды быў прысутны ў жыццці Езуса. Падчас Яго Хросту ў рацэ Ярдан і падчас Перамянення на гары Табор даў пачуць з нябёсаў свой голас, які ўказваў на Езуса, як на Яго ўмілаванага Сына, на Таго, каго мы павінны слухаць. Падчас місіі Езуса, Айцец даў Яму моц чыніць цуды і перадаў Сыну Божыя таямніцы, якія належыць адкрыць людзям. У цішыні самотнай малітвы Айцец кіраваў і суцяшаў Яго. У балючай драме пакутаў падтрымліваў свайго Сына.
Цяпер, калі “ўжо ўсё выканалася” (Ян 19.30), Айцец перадае Езусу велічную ўзнагароду: тую хвалу, якую Сын меў спрадвеку і, якую цяпер атрымае на вечнасць.
ПОСТАЦІ
Мастак, пішучы гэтую ікону пажадаў выявіць побач з Езусам некалькі постацяў, найбольш прыбліжаных да таямніцы Пакутаў. Іх лёгка распазнаць, таму што імёны падпісаныя пад нагамі кожнага з іх.
Кожная з постацяў, прысутных на іконе мае сваё месца і дакладнае значэнне, якое аўтар выражае праз праз іх пазіцыі, паставы цела і выраз твару, праз вопратку і яе колеры.
Марыя
Марыя знаходзіцца праваруч Езуса, на месцы прывілею і гонару. Бо толькі яна “поўная ласкі”. Таксама і яе вопратка распавядае нам аб гэтай велічы. Шырокі, белы, старанна вышыты вэлюм прыпамінае аб святочнай элегантнасці нявесты ў сваёй дзявочай чысціні; чырвонае, пазбаўленае яркасці покрыва, указвае на верную матчыную любоў, якая выпрабоўваецца пад крыжам Сына; фіялетавая туніка нагадвае аб высакароднасці каралевы і святасці Аркі Старога Запавету, якая захоўвалася ў Ерузалемскай Святыні, накрытая каштоўным вэлюмам таго самага колеру.
Яе жэсты простыя і годныя, гавораць тое, што неабходна. Напоўненая супакоем слодыч яе аблічча дазваляе заўважыць глыбокую лагоднасць і ўпэўненасць, зроджаную верай. Правая далонь, указваючы на Ўкрыжаванага, нагадвае нам пра запрашэнне, якое ўжо аднойчы прагучала на вяселлі ў Кане, калі звяртаючыся да слугаў, скіравала іх да Сына і сказала: “Учыніце ўсё, што вам загадае”. (Ян 2.5)
Яе дэлікатны позірк, які ўсміхаецца да Яна, прымае з матчынай стрыманасцю і перакананнем апошнія словы і загад Езуса, які звяртаецца да яе: “Жанчына, вось сын твой”.
Ян
Ян, гэта вучань, якога “любіў Езус” (Ян13,23) і менавіта ён з’яўляецца прадстаўніком нас усіх. Падчас Апошняй Вячэры Ян знаходзіцца вельмі блізка Езуса і гэтая блізкасць выяўляе сабой глыбокія і даверлівыя сяброўскія адносіны. Таксама і тут, як і ў той вечар, Ян атрымлівае адкрыццё Божых таямніцаў і на яго, быццам бы паток благаслаўлення, з прабітага боку Ўкрыжаванага сплывае струмень крыві.
Знаходзячыся паміж Езусам і Марыяй, з тварам звернутым да яе, Ян атрымлівае ад іх абодвух дар найвышэйшай любові: “Вось маці твая!” (Ян 19.27).
Яго ясны юнацкі твар выражае нявіннасць чалавека, здольнага да чыстай і вернай любові, сімвалам якой і становіцца Ян у хрысціянскай традыцыі. Таксама і яго белая туніка сімвалізуе гэтую асаблівую цноту.
Блізкасць да таямніцаў Хрыстовых і глыбокае зразуменне любові Бога, робіць гэтага апостала для нас ахоўнікам сапраўднай Мудрасці, што сімвалічна выяўлена ў чырвоным колеры покрыва, якім ахінуты Ян. Ён становіцца найбольш “вытанчаным” евангелістам, перадаючы Добрую Навіну на пісьме.
Марыя Магдалена і другая Марыя
З правага боку ад Езуса, вельмі блізка да Яго, знаходзіцца Марыя Магдалена. Гэта жанчына вельмі важная ў Евангеллі і аб гэтай грэшніцы Езус сказаў: “Прабачаюцца ёй усе грахі яе, бо яна моцна палюбіла.” (Лк 7.47).
Яна, адна з жанчын, якія ідуць следам за Езусам, падчас Яго Крыжовай дарогі і застаюцца з ім у момант укрыжавання, а раніцаю Пасхі яна першай убачыць уваскрослага Пана.
Яе вопратка ззяе моцнай і жывой чырванню, што сімвалізуе шчырую і глыбокую любоў. У выразе твару і рухах яе рук, праяўляецца захапленне і здзіўленне тым, што бачаць яе вочы, і зразуменне ласкі і прывілею, які яна атрымала ў прабачэнні ўсіх сваіх грахоў і ў магчымасці быць першым сведкам Змёртвыхпаўстання.
Побач з ёй знаходзіцца яшчэ адна жанчына – Марыя, маці Якуба. Таксама і яна блізкая да Езуса і застаецца вернай Яму да канца, стоячы пад крыжом і са здзіўленнем слухаючы словаў Марыі Магдалены.
Тут прадстаўлены тыя, хто вырашыў наследаваць Хрыста, і слухаючы Ягонае слова, адразу з усім сэрцам ператвараць яго ў практыку.
Цэнтурыён
Ён знаходзіцца каля крыжа для выканання загаду. Твар жаўнера звернуты ў бок Укрыжаванага. Менавіта ён будзе першым сярод тых, хто распазнаў і вызнаў, кім з’яўляецца ўкрыжаваны чалавек: “Сапраўды чалавек гэты – Сын Божы!” (Мк 15.39).
У постаці гэтага цэнтурыёна традыцыя таксама бачыць і іншага евангельскага жаўнера, а менавіта, цэнтурыёна з Кафарнаўма, якому Езус ацаліў хворага сына, і аб якім сказаў: “Сапраўды кажу вам, што я ў Ізраэлі не знайшоў так вялікай веры!” (Мц 8.10)
На вобразе, за левым плячом цэнтурыёна, віднеецца твар аздароўленага юнака і за ім яшчэ тры асобы. Такім чынам тут прадстаўлена сям’я цэнтурыёна, якая навярнулася да Бога.
Два маленькіх чалавека
Унізе, на знешніх вуглах, побач з абодвума групамі людзей, віднеюцца дзьве невялічкія постаці. Яны звернуты ў бок Езуса і іхні позірк сканцэнтраваны на Ім, ногі і рукі знаходзяцца ў руху.
Чалавек справа, апрануты ў ваенную вопратку рымскага войска ў руцэ трымае дзіду, якою прабіў бок Езуса. Пад нагамі напісана яго імя – Лонгін.
Другі, з левага боку, мае бараду і апрануты ў кароткую туніку, згодна з габрэйскай традыцыяй. Традыцыя прадстаўляе ў ім пэўнага Стэфанона, які дапамагаў Лонгіну.
У гэтых постацях прадстаўлены кáты, якія катавалі і ўкрыжавалі Езуса. Іх маленькая выява паказвае, што сапраўднай галоўнай дзеючай асобай у гэтым дзівосным дзеянні збліжэння смерці і жыцця ёсць Ён, Пан Езус. Менавіта Езус, свабодна і дабраахвотна, аддае сябе ў іх рукі, каб такім чынам споўніўся цудоўны Божы план збаўлення чалавечага роду, як Ён сам кажа аб гэтым у Евангеллі.
Евангелле паводле Яна 10.17-18.
Таксама, гэтыя дзве постаці, прадстаўляюць сабой два народы – габрэі (выбраны народ) і язычнікі, розныя і падзеленыя паміж сабой, але таксама запрошаныя да Збаўлення, праз навяртанне да Езуса Хрыста.
Толькі наблізіўшыся да Хрыста, яны змогуць дасягнуць велічы іншых асобаў, якія ўжо сталі ўдзельнікамі Збаўлення.
Анёлы побач з ранамі Хрыста і ў небе
Анёлы, гэта пасланцы Бога, які праслаўляюць Яго і верна Яму служаць. Яны ў вялікай колькасці прысутнічаюць у драме Укрыжавання, у драме, якая прымірыла неба і зямлю, і дала іншы кірунак гісторыі.
Некаторыя з іх - па тры з кожнага боку - змешчаны побач з далонямі Езуса Хрыста. Іх рукі скіраваныя ў бок цела Укрыжаванага, а позіркі (вялікія і шырокія вочы) захапляюцца таямніцаю Ягоных ранаў, твары засмучаныя, але яснеюцць надзеяй.
Іншая, большая па колькасці група анёлаў, знаходзіцца на вяршыні іконы і прадстаўляе сабой карону ў сцэне Ўнебаўшэсця. Сабою яны перадаюць вялікую і ўрачыстую навіну аб жыцці, іх твары напоўненыя радасцю, а целы парушаюцца ў радасці жыцця. У гэтых анёлах праслаўлены Бог.
Певень
Побач з левай нагой Езуса, мастак змясціў выяву пеўня з расчыненым дзюбам і напружаным горлам, гатовым да спеву.
Некаторыя ў гэтай выяве адразу распазнаюць аднясенне да адрачэння апостала Пятра, прадстаўленага сярод постацяў у падножжы крыжа. Аднак, такое вытлумачэнне і выява сімвалу нявернасці здаецца незразумелым, калі глядзім на ікону, якая прадстаўляе пасхальную перамогу Хрыста. Тым больш, гэтая нявернасць была прабачана міласэрным Збаўцам.
Верагодна, што мастак прапануе тут больш агульнае значэнне, якое певень мае ў традыцыі – ён з’яўляецца прадвеснікам світанку, гэта першая жывёла, якая прымае і сваім звонкім і ўрачыстым спевам вітае новы дзень, запрашаючы ўсіх абудзіцца са сну і цемры ночы, якая ўжо скончылася. Прысутнасць пеўня пры нагах Укрыжаванга, становіцца весткаю аб тым, што заключаны Новы Запавет.
Евангелле паводле Лукі 1.78
Іншыя постаці
Гэтыя іншыя постаці, менш бачныя, тым не менш таксама маюць вялікае значэнне.
Яны знаходзяцца ля падножжа крыжа і ў большай меры выцертыя гісторыяй і яшчэ больш дотыкамі вернікаў, якія ў пабожным акце жадалі дакрануцца да крыжа і пацалаваць гэтую святую выяву. Такі жэст быў магчымы, бо ў невялічкім касцёле св. Даміяна, дзе знаходзіўся крыж, не было высокіх скляпенняў і ікона знаходзілася на ўзроўні чалавека.
У левай частцы эпізоду, выяўлены постаці цалкам знішчаныя і можна толькі меркаваць, што там знаходзіліся святыя Косма і Даміян, у гонар якіх была пабудавана невялічкая святыня для якой быў прызначаны гэты крыж.
Па правым боку ясна можна распазнаць дзве постаці з аўрэоламі над галовамі. З вялікай верагоднасцю можна сказаць, што гэта святыя апосталы Пётра і Павел, супольна прадстаўленыя ў іканаграфіі. Яны з’яўляюцца калонамі - апорамі Касцёла, які Хрыстос пажадаў пакінуць на зямлі, каб на працягу вякоў у ім рэалізавалася Яго жывая прысутнасць.
Змешчаныя тут, як пасрэднікі паміж небам і зямлёй, паміж намі і Хрыстом, яны вядуць усіх хрысціянаў да Хрыста навучаючы іх і заступаючыся за іх перад Богам.
Пакланяемся Табе, Пане,
бо праз Крыж твой Святы, Ты збавіў свет…
Супакой і Дабро!