Вера з’яўляецца глыбока асабістым выбарам Бога, асабістымі адносінамі з Езусам Хрыстом, але гэта не азначае, што гэта справа «прыватная». Вера патрэбуе супольнасці як асароддзя ўзрастання. Так было ад пачатку, калі Езус паклікаў 12 апосталаў, — так было ў першым Касцёле, так ёсць і сёння.
Асноўнай адзінкай дзейнасці каталіцкага Касцёла з’яўляецца парафіяльная супольнасць. Cв. Ян Павел II у Апостальскай Адгартацыі «Christifideles Laici, Аб пакліканні і місіі свецкіх у Касцёле і свеце» навучае, што парафія з'яўляецца эўхарыстычнай супольнасцю, ... супольнасцю веры, а таксама арганічнаю супольнасцю, г. зн. такою, якая складаецца з пасвечаных святароў і іншых хрысціянаў і ў якой пробашч, што прадстаўляе біскупа дыяцэзіі, з'яўляецца іерархічным звяном, што яднае парафію з усім партыкулярным Касцёлам.
Парафія, каб выконваць сваю місію, патрабуе быць супольнасцю меншых супольнасцяў, так званых парафіяльных групаў. У такой супольнасці вернікі могуць дзяліцца Словам Божым, а таксама служыць іншым і практыкаваць любоў. У цытаваным ужо дакуменце чытаем, што «трэба задбаць аб стварэнні невялікіх касцёльных супольнасцяў, называных таксама жывымі супольнасцямі, у якіх вернікі могуць узаемна перадаваць Слова Божае, а таксама служыць іншым і практыкаваць міласэрнасць. Гэтыя супольнасці з'яўляюцца сапраўднай праявай касцёльнай камуніі і асяродкамі евангелізацыі, якія дзейнічаюць у лучнасці са сваімі пастырамі».
Нашыя душпастыры, ксяндзы хрыстусоўцы, у супрацоўніцтве з сёстрамі назарэтанкамі і свецкімі вернікамі бачаць і будуюць парафіяльную сям’ю як супольнасць супольнасцяў, дзе можна дасведчыць моцы Божай любові, супольнасць людзей жывой веры — вучняў Хрыста, гатовых навяртацца і служыць.
У парафіі ўжо існуюць і паўстаюць новыя такія групы — як для дзяцей і моладзі, так і для мужчын і жанчын, а таксама сужэнстваў. Знаёмцеся, выбірайце адпаведную супольнасць для сябе, далучайцеся. У вас ёсць новыя прапановы — таксама чакаем. Ёсць месца для кожнага, хто прагне пазнаваць, любіць і наследаваць Езуса Хрыста ў трэцім тысячагоддзі.