Адна з праўдаў нашай веры гаворыць пра тое, што ўсе вернікі-хрысціяне — тыя, якія яшчэ пілігрымуюць на зямлі; тыя, якія памерлі і ачышчаюцца ад наступстваў грахоў; а таксама тыя, якія ўжо радуюцца нябеснаму шчасцю, — утвараюць супольнасць у Хрысце і яднаюцца ў адзін Касцёл.

Другі Ватыканскі Сабор яшчэ раз нагадаў пра тое, што «еднасць пілігрымуючых з тымі братамі, якія спачылі ў спакоі Хрыста, не перарываецца цалкам. Наадварот, паводле трывалай веры Касцёла яна ўмацоўваецца дзякуючы ўзаемаабмену духоўнымі дабротамі» (LG 49). Пілігрымуючы Касцёл з самага пачатку шанаваў памяць памерлых і навучаў, што «святая і збавенная думка — маліцца за памерлых, каб яны былі вызваленыя ад грахоў» (пар. 2 Мак 12, 45).

Першы крок да аказання дапамогі памерлым — гэта прабачэнне ім усялякага ўчыненага зла. Сябры Апостальства дапамогі душам чыстцовым па меры сваіх магчымасцяў стараюцца, калі ўзнікне такая патрэба, заахвоціць іншых да прабачэння памерламу ўсіх крыўдаў. Акрамя таго, яны павінны:

  • штодзённа чытаць адвольную малітву за памерлых;
  • ахвяраваць у інтэнцыі памерлых штодзённую працу, напатканыя цяжкасці і цярпенні;
  • па меры магчымасці замаўляць святыя Імшы за памерлых або прынамсі ахвяраваць за іх свой удзел у Эўхарыстыі;
  • ахвяраваць у інтэнцыі душаў, якія церпяць у чыстцы, свае добрыя ўчынкі, міласціну, адпусты, пакаянне.

Вырашальным фактарам у тым, калі і як дапамагаць душам чыстцовым, заўсёды з’яўляецца любоў. Менавіта яна пабуджае перамяняць ва ўчынкі міласэрнасці ўсё, з чаго складаецца звыклая штодзённасць нашага жыцця.

Больш інфармацыі можна атрымаць тут: apostalstva.by

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.