Сярод многіх груп і рухаў, якія існуюць у Касцёле, адным з найбольш вядомых з’яўляецца Жывы Ружанец. Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, у склад якой уваходзіць 20 чалавек, якія штодзённа моляцца Ружанец: кожная асоба разважае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці часта называюць «ружамі».
Святы Ян Павел ІІ пісаў: «Ружанцовая малітва — гэта малітва чалавека за чалавека; гэта малітва людской салідарнасці, супольная малітва адкупленых, у якой адлюстраваны дух і інтэнцыя Той, якая займае першае месца сярод адкупленых — Марыі, Маці і Вобразу Касцёла; гэта малітва за ўсіх людзей свету, усіх гістарычных часоў, жывых і памерлых, якія пакліканыя ствараць разам з намі Цела Хрыста і станавіцца разам з Ім спадкаемцамі хвалы Айца».
Ружанец — гэта евангельская малітва, бо ён не толькі складаецца з Малітвы Панскай і Анёльскага прывітання, але і пабудаваны на разважаннях над евангельскімі таямніцамі нашага адкуплення. Па гэтай прычыне Ружанец называецца пераказам найважнейшых праўдаў Евангелля. «У пабожнасці, таксама як і ў любові, не надакучыць часты паўтор адных і тых жа слоў, бо агонь любові, які нас распальвае, чыніць так, што яны заўсёды ўтрымліваюць штосьці новае», — пісаў Папа Пій ХІ. Разважанне над таямніцамі жыцця Марыі і Езуса дапамагае перажыць блізкасць Бога.
Тры нашыя супольнасці дарослых — ружа св. Антонія, ружа св. Кацярыны Сіенскай і ружа Маці Божай Фацімскай — з дапамогай святара вызначаюць агульную інтэнцыю, у якой кожны ўдзельнік руху моліцца на працягу месяца. Зазвычай гэта інтэнцыя звязана з жыццём нашай парафіяльнай сям'і. Кожную першую нядзелю месяца а 13.30 цэлебруецца Святая Імша за ўсіх удзельнікаў руху. Потым адбываецца сустрэча, мэтай якой — пашырэнне ведаў, а менавіта распазнанне таямніц Ружанца праз разбор Біблійных фрагментаў. Важнай часткай кожнай сустрэчы з'яўляецца супольная малітва за нашу парафію і асабліва за справы, звязаныя з будовай касцёла.
З цягам часу паўсталі тры супольнасці малодшых парафіянаў — ружа моладзі бл. Паўліны Жарыко, ружа моладзі св. Арханёла Габрыэля і ружа дзяцей св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус.
Каб далучыцца да руху або даведацца болей інфармацыі звяртайцеся да адказнай за супольнасць с. Марыанны Алешчык CSFN (+375447556516).
Выкарыстаны матэрыялы з catholic.by